Гледзячы хакейную трансьляцыю матча Беларусь — Швайцарыя, склалася лёгкае ўражаньне, што нашы суайчыньнікі неберажліва распляскалі ўсе эмоцыі двума днямі раней у сустрэчы з швэдамі.

Каманда з альпійскай краіны адразу зрабіла гульню вязкай і маруднай. Хуткія беларусы ніяк не маглі ўзламаць брамы Гербэрта, а на 14-ай хвіліне прапусьцілі самі. Большасьць рэалізаваў Жульен Шпрунгер. У другім пэрыядзе Канстанцін Кальцоў, дзякуючы самааддачы, адабраў шайбу у швайцарца на ягонай палове пляцоўкі і зраўняў лік — 1:1.

Здавалася, што беларусы ўсё ж змогуць пераламаць хаду гэтай цягучай сустрэчы, але не. У сярэдзіне другога пэрыяду гульню нашых хлопцаў падкасілі шматлікія выдаленьні. Як вынік, Шпрунгер другі раз за паядынак змог рэалізаваць колькасную перавагу — 1:2.

У трэцім пэрыядзе швайцарцы цалкам зьвязалі дзеяньні беларусаў. У нашых было толькі некалькі момантаў, каб выратаваць гульню. Апошні зь іх за тры хвіліны да фінальнай сырэны ўпусьціў Алег Антоненка.

Беларусы прайгралі стратэгічна важны матч на гэтым першынстве сьвету. Цяпер, каб трапіць у наступны раўнд у сераду трэба абавязкова абыгрываць французаў. Шанцы на трапляньне ў 1/4 фіналу дык і зусім сталі мізэрнымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?