Прэзідэнт Сірыі Башар Асад і групоўка «Ісламская дзяржава» знаходзіліся ў змове. Пра гэта гаворыцца ў расследаванні тэлеканала Sky News, перадае РБК.

Тэлеканал спасылаецца на ўцечку сакрэтных файлаў ІД. Размова ў іх, сярод іншага, ідзе пра супрацоўніцтва ў Пальміры. Па сцвярджэнні тэлеканала, незадоўга да вызвалення гэтага старажытнага горада, які некалькі месяцаў быў акупаваны ІД, прадстаўнікі арганізацыі і сірыйскіх уладаў падрыхтавалі дакумент. У ім гаворыцца аб адводзе ўсёй цяжкай артылерыі і зенітных кулямётаў ад Пальміры.

Адзін з перабежчыкаў з ІД пацвердзіў тэлеканалу, што групоўка каардынуе перасоўванне сваіх байцоў, у прыватнасці, іх сыход з раней кантраляваных раёнаў, з сірыйскімі ўладамі.

Sky News таксама прыводзіць і іншыя дакументы, якія нібыта пацвярджаюць супрацоўніцтва. Так, у адным з іх гаворыцца пра кіроўцу, які павінен быў праехаць праз прапускныя пункты ІД і абмяняць нафту на ўгнаенні ў прадстаўнікоў сірыйскіх уладаў. Перабежчыкі з ІД заявілі тэлеканалу, што гэта гандлёвае пагадненне дзейнічае ўжо некалькі гадоў.

У другім лісце гаворыцца пра падзеі лістапада 2013 года. З дакумента вынікае, што ІД атрымалі звесткі пра бамбаванні раёна Аль-Каср, якія павінны прайсці ў бліжэйшы час. У лісце распавядаецца пра вываз усёй зброі і абсталявання з гэтага раёна. Крыніцы Sky News сцвярджаюць, што эвакуацыя была ўзгодненая ІД і сірыйскімі ўладамі.

Праверыць сапраўднасць дакументаў немагчыма, падкрэслівае Sky News. Аднак ва ўсіх папярэдніх выпадках інфармацыя, якая паступіла праз цяперашнюю крыніцу, пацвярджалася, адзначае тэлеканал.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0