Аляксандар Мілінкевіч |
Лідэр незарэгістраванага ўладамі руху «За Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч і старшыня Камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць» Інай Кулей знаходзяцца зь візытам у Францыі. У першы дзень візыту адбылася сустрэча з кіраўніком францускага зьнешнепалітычнага ведамства Бэрнарам Кушнэрам. Сустрэча праходзіла ў афіцыйнай залі прыёмаў французскага Міністэрства ў свабоднай, нязмушанай абстаноўцы.
— Гэта была вельмі цікавая сустрэча. Спадар Кушнэр ня толькі палітык, а і вядомы грамадзкі дзеяч, стваральнік сусьветнай арганізацыі «Дактары безь межаў». Ён мае высокі маральны аўтарытэт у сьвеце. Нам было вельмі лёгка размаўляць, бо мы добра разумелі адзін аднаго як людзі, якім блізкая праваабарончая тэматыка, — паведаміў Аляксандр Мілінкевіч.
Палітыкі абмеркавалі пытаньні дэмакратыі й правоў чалавека, палітвязньняў, а таксама размаўлялі пра магчымае будаўніцтва АЭС на Беларусі.
Бэрнар Кушнэр запэўніў, што будзе рабіць усё, каб палітыка Эўразьвязу стала максімальна салідарнай з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Зь сёлетняга ліпеня Францыя будзе старшыняваць у Эўразьвязе.