Сьпі спакойна, даражэнькі Ільліч, не забываемся, шануем, адзначаем, піша на сваім блогу Сяргей Астравец.

Так, даражэнькі наш Ільліч, чакаем твайго прафэсыйнага сьвята суцэльны год, нават ня памятаючы дакладна што да чаго і зь якой нагоды, галоўнае — бутэльку на стол, затым другую-трэцюю, каўбасу пакроіць, потым култур-мултур, альбо на прыродзе — шашлык-башлык, касьцёр-хварасьцёр.

Памятаюцца клясычныя ўрачыстыя сходы журналісцкай грамадзкасьці: засланы чырвоным стол на сцэне, трыбунка з кантовай шклянкай, раздача залатых пёраў, даклад пра “Куранты” Аляксея Міхайлавіча, бальшавіцкія падпольныя, пра газэткі МТС (ня блытаць з тэлефоншчыкамі!), нават пра нацыянальны калярыт — “Раздавім фашысцкую гадзіну!” Ясна, што “Мужыцкая праўда” у дакладах традыцыйна адсутнічала.

Узгадваеццца таксама, як пасьля такога сходу напісаў апавяданьне якраз пра адзін дзень — 5 траўня, называлася яно “Газэтны раман” і знаходзіцца дагэтуль пад вокладкай першай маёй кніжэнцыі “Янычары”. Урывак:

“Прамоўца казаў пра тое, што ў сувязі з падвышэньнем агульнаадукацыйнага ўзроўню народу газэты цяпер друкуюцца ня корпусам ці боргесам, як да рэвалюцыі, а шрыфтамі драбнейшымі. З задавальненьнем паведаміў, што гэтак званая ламаная вёрстка запанавала на газэтных старонках. Тройчы нагадаў аб тым, што журналісты — прывадныя рамяні партыі”.

Прыкра, глупа, часам амаль што сьмешна, але беларускія даты не адзначаюцца, яны —табуізаваныя. Вядома, дзень Чырвонай арміі — гэта важна, і кітайскай арміі — таксама. Але, халера ясна, — важна для кітайцаў, для чырвоных… Навошта прымушаць пінгвінаў адзначаць сьвяты белых медзьвядзёў? У іх свае ёсьць! Партызаны якое маюць дачыненьне да кубанскіх казакоў? Канешне, мне могуць сказаць: людзей хрысьцілі і выкарыстоўвалі старыя паганскія сьвяты пад новым соўсам, маўляў, агульнаэўрапейская традыцыя. Не паспрачаешся, дзядзька!

Але не, хачу нагадаць: пасьля дэхрысьціянізацыі пачалася адваротная справа, сьвяты царкоўныя ды касьцёльныя вярнулі. Па лёгіцы адначасова мела адбыцца дэсаветызацыя, перахрышчаньне паганцаў-саветыкусаў у беларусаў. Але ж не! Адбываецца несусьветны экспэрымэнт — паўторная хрысьціянізацыя народу пад савецкім соўсам. Сумесь бульдога з насарогам.

У Беларусі не адзначаецца ніводная дата, зьвязаная зь беларускімі дзеячамі. А сьвятога Ільліча — і дзень народзінаў, і дзень сьмерці, асобна. І нават замест дня ўваскарашэньня — дзень прыбыцьця з будана на фінляндзкі вакзал для выступу з браневічка… Спытайце ў нашых журналістаў: калі “Мужыцкая праўда” выходзіла? Што напісана ў ёй было? Як называліся беларускія гарадзенскія газэты? Што скажаце пра “Газэту Гродзеньску”? Пяць гадоў таму мы ў бажаўскім коле вырашылі адзначыць свой гарадзенскі дзень друку, якраз зьвязаны з гэтай каралеўскай газэтай. Было гэта пры канцы траўня, ва ўгодкі, калі яна ўпершыню была надрукаваная. Замацаваць традыцыю пораху не хапіла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?