У сувязі з трапічным цыклёнам, які абрынуўся на М’янму і стаўся прычынай мноства чалавечых ахвяр, Аляксандар Лукашэнка ад імя беларускага народу й сябе асабіста выразіў спачуваньні прэзыдэнту Саюзу М’янмы, галоўнаму генэралу, старшыню Дзяржаўнай рады міру й разьвіцьця Тан Швэ, а таксама родным і сваякам загінулых, — паведамляе БЕЛТА.

Паводле апошніх паведамленьняў, колькасьць ахвяр стыхіі ў М’янме дасягнула трыццаці тысяч чалавек, і гэта яшчэ не канчатковыя зьвесткі.

Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун паабяцаў зрабіць усё неабходнае для аказаньня тэрміновай гуманітарнай дапамогі. Гуманітарныя грузы паступаюць у М’янму з суседняга Тайлянду й Індыі.

Злучаныя Штаты вылучылі на дапамогу пацярпелым 250 тысяч даляраў. Жонка прэзыдэнта ЗША Лора Буш заявіла, што ўлады не далі «своечасовага папярэджаньня» насельніцтву пра насоўваньне стыхійнага бедзтва, — паведамляе Бі‑бі‑сі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0