Літаратура на беларускай мове займае 11,4% у агульнай колькасці выдавецкай прадукцыі і 17,1% у яе сукупным тыражы. Такія звесткі апублікаваў Нацыянальны статыстычны камітэт у аглядзе, прысвечаным Дню друку, які адзначаецца 5 мая.

Паводле даных статыстыкі, на беларускай мове ў 2015 годзе выпушчана 1.168 кніг і брашур тыражом 3,7 млн. асобнікаў, што ў параўнанні з папярэднім годам больш як па назвах (на 5,7%), так і па тыражы (на 1,8 %).

На рускай мове летась выдадзена 8.227 кніг і брашур агульным накладам 16 млн. экзэмпляраў, што складае 80% агульнай колькасці выданняў і 74% агульнага накладу.

У 2015 годзе на англійскай мове выпушчана 593 кнігі і брашуры, на нямецкай — 106, на французскай — 43. У ліку друкаваных выданняў кнігі на польскай, кітайскай, іспанскай, украінскай, стараславянскай, літоўскай, італьянскай мовах. У адзінкавым варыянце выдадзеныя кнігі на азербайджанскай, в'етнамскай, партугальскай, славацкай, шведскай мовах.

Усяго ў 2015 годзе выпушчана 10.273 кнігі і брашуры. Агульны наклад выданняў склаў 21,6 млн. асобнікаў. Выпуск кніг і брашур у разліку на аднаго жыхара склаў 2,3 асобніка.

Як і ў папярэднія гады, у сукупным аб'ёме выпушчаных кніг і брашур пераважае навучальная літаратура, на долю якой прыпадае 28% агульнай колькасці выданняў і амаль 60% накладу. Пятую частку выпуску складаюць вучэбна-метадычныя дапаможнікі і навучальныя праграмы. Навуковыя і навукова-папулярныя выданні займаюць амаль 19%.

Сярод рэгіёнаў лідарамі па выпуску кніг і брашур у 2015 годзе сталі Мінск (7,3 тыс. выданняў) і Гомельская вобласць (1,2 тыс.).

У 2015 годзе ў краіне выходзіла 906 часопісаў і 585 газет гадавым тыражом амаль паўмільярда асобнікаў. Для чытачоў працавалі рэдакцыі 176 рэспубліканскіх, 51 абласной, 133 гарадскіх і 119 раённых газет.

Летась на беларускай мове выдавалася 135 часопісаў і 185 газет, іх гадавы тыраж склаў пятую частку агульнага тыражу друкаваных СМІ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0