Беларусь у цяперашняй трывожнай абстаноўцы па праву лічыцца кутком стабільнасці. Аб гэтым сёння заявіў Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод.

Пакаленне пераможцаў - тыя, хто выратаваў Радзіму ад фашысцкага зняволення, хто прынёс чалавецтву мір і свабоду, - завяшчала як зрэнку вока берагчы бяспеку краіны, адзначыў ён. «Мы сапраўды ганарымся тым, што Беларусь у цяперашняй трывожнай абстаноўцы па праву лічыцца кутком стабільнасці», - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У гэтым вялікая заслуга людзей у пагонах, якія забяспечваюць правапарадак і спакой у грамадстве, ахоўваюць граніцы дзяржавы, процістаяць злачыннасці, абараняючы жыццё і ўласнасць грамадзян, прадоўжыў кіраўнік краіны. Самыя лепшыя прадстаўнікі сілавых структур Беларусі ўдастоены на сённяшняй цырымоніі ордэнаў «За службу Радзіме» і медалёў «За адзнаку ў воінскай службе».

Ушаноўвалі сёння ў Палацы Незалежнасці таксама дзеячаў культуры. Гэта невыпадкова, паколькі бягучы год аб'яўлены ў краіне Годам культуры, нагадаў Аляксандр Лукашэнка. Таму такая ўвага ўдзелена людзям творчай сферы, якія ўносяць у жыццё прыгажосць і духоўнасць, разнастайнасць пачуццяў, што ўзвышаюць чалавека і абуджаюць у ім лепшыя якасці. «Ваша творчасць заслугоўвае ўсялякіх пахвал і шырокага прызнання не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Вы з гонарам прадстаўляеце розныя формы, жанры мастацтва, якое, паводле трапнага выказвання вялікага пісьменніка Бальзака, з'яўляецца тварам нацыі», - сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да прысутных на цырымоніі дзеячаў культуры і мастацтва.

Не менш дастойна на цырымоніі былі прадстаўлены педагогі - як школьныя, так і вузаўскія. За паспяховае ўкараненне эфектыўных методык навучальнага і выхаваўчага працэсу, якіх у многіх школах так не хапае, адзначаны высокімі ўзнагародамі дырэктары мінскіх гімназій нумар 4 і нумар 13, настаўнікі Маладзечанскай гімназіі нумар 7, Валожынскай нумар 1. За плённыя навуковыя распрацоўкі, паспяховую педагагічную дзейнасць пры падрыхтоўцы спецыялістаў узнагароджаны прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і Нацыянальнай акадэміі навук.

«Асаблівай удзячнасці і павагі заслугоўваюць лепшыя прадстаўнікі айчыннай медыцынскай сферы. Клопат аб здароўі людзей - наш нязменны дзяржаўны прыярытэт. І ў яго рэалізацыі важную ролю адыгрывае кваліфікаваная работа кожнага звяна, кожнай установы сістэмы аховы здароўя», - сказаў Лукашэнка. Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем адзначыў поспехі ўрачоў мінскіх гарадскіх клінічных бальніц нумар 9, нумар 10, дзіцячай нумар 3, Мінскай абласной клінічнай дзіцячай бальніцы.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што сярод узнагароджаных ёсць прадстаўнікі і такіх сфер дзейнасці, як будаўніцтва і сельская гаспадарка, дзяржаўнае кіраванне, фізкультура і спорт. «Гэта сведчыць аб тым, што Радзіма цэніць і падтрымлівае кожнага, хто ўносіць дастойны ўклад у агульны дабрабыт. Ордэны, медалі і высокія званні гэтак жа, як пашана і павага ў грамадстве, заўсёды знаходзяць сваіх герояў», - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

У пачатку мая беларусы адзначаюць важныя, дарагія і доўгачаканыя святы: светлы Вялікдзень, Першамай, Дзень дзяржаўнага сцяга і герба, Дзень Перамогі, які Лукашэнка назваў самай важнай і галоўнай дзяржаўнай урачыстасцю. Па добрай традыцыі да іх прымеркавана ўручэнне высокіх дзяржаўных узнагарод і ўшаноўванне лепшых людзей краіны.

Аляксандр Лукашэнка чарговы раз падкрэсліў, што галоўнае багацце Беларусі - гэта цудоўныя людзі, якія абараняюць родную зямлю, праслаўляюць сваімі справамі маладую суверэнную дзяржаву. Кіраўнік дзяржавы павіншаваў прысутных са святамі і заслужанымі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Лукашэнка пажадаў, каб яны сталі стымулам для новых працоўных поспехаў, творчых дасягненняў. Ён таксама падзякаваў за цёплыя словы, якія выказвалі ўзнагароджаныя ў яго адрас, і гарантаваў, што дзяржава акумулюе і выкарыстае вынікі іх працы ў імя працвітання роднай Беларусі.-

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?