Прадстаўнікі аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Вольга Кавалькова, Віталь Рымашэўскі, Дзяніс Садоўскі і Марына Хоміч 5 мая наведалі Савет міністраў і Міністэрства эканомікі з сімвалічнымі пустымі кашалькамі, прызначанымі для кіраўнікоў гэтых дзяржорганаў.

«Пусты кашалёк — гэта сімвал таго, што грошай у народа зараз няма. А ў міністраў грошай шмат, напэўна, у адзін кашалёк яны ўсе не змяшчаюцца. Мы ім падарылі яшчэ адзін», — паведаміў Рымашэўскі.

У аддзелы па зваротах грамадзян Мінэканомікі і Саўміна перададзеныя калектыўны зварот і канцэпцыя мадэрнізацыі эканамічнай сістэмы Беларусі, распрацаваная з удзелам незалежных экспертаў, у тым ліку былога кіраўніка Нацбанка Станіслава Багданкевіча. Гэтыя дакументы па пошце будуць таксама накіраваныя ў Адміністрацыю прэзідэнта, Міністэрства фінансаў і Нацыянальны банк.

У звароце адзначаецца, што эканоміка Беларусі «ўвайшла ў вострую фазу зацяжнога сацыяльна-эканамічнага крызісу, ахвярамі якога ў першую чаргу становяцца беларускія сем`і, якія не бачаць перспектыў у заўтрашнім дні».

Актывісты БХД патрабуюць ад урада распрацоўкі комплекснай праграмы эканамічных пераўтварэнняў, у якой былі б прадугледжаныя: стварэнне нармальных прававых умоў для прадпрымальнікаў, стварэнне новых працоўных месцаў, меры па супрацьдзеянні чыноўніцкаму і судзейскаму самавольству і іншае.

За перамяшчэннем прадстаўнікоў БХД ад Міністэрства эканомікі да Дома ўрада сачылі супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным, яны вялі відэазапіс таго, што адбывалася.

Начальнік аддзела сувязяў з грамадскасцю Міністэрства эканомікі Віктар Еўтухоў удакладніў БелаПАН абставіны візіту ў ведамства прадстаўнікоў БХД. Паводле яго слоў, пусты кашалёк не быў перададзены міністру, хоць актывісты і спрабавалі гэта зрабіць. «Прыйшла група людзей, перадалі зварот, яго зарэгістравалі. Таксама яны хацелі запісацца на прыём да міністра фінансаў. Калі нам удалося растлумачыць, што яны знаходзяцца не ў Міністэрстве фінансаў, а ў Міністэрстве эканомікі, яны адкарэктавалі сваю просьбу і запісаліся на прыём да міністра эканомікі. Кашальком нейкім махалі, у рукі спрабавалі соваць, але ніхто яго не ўзяў», — сказаў Еўтухоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?