Калі ён быў маленькім, адзін учынак перавярнуў ягонае жыццё. Магчыма, найважнейшы з усіх, што былі да і пасля. Ля вёскі, дзе Саша бываў улетку, была маленькая рачулка, а ў ёй шлюз. Аднойчы, узлезшы на гэты шлюз, на вышыню 2-3 метры, ён стаяў і думаў: «Цікава, што будзе, калі я зараз скокну?.. Цікава… А раптам ногі пераламаю? А раптам там глыбіня? І, галоўнае, навошта? Навошта?..» Заплюшчыў вочы, ціха сказаў «ап!» і зрабіў крок наперад. Шмат разоў пасля ён паўтараў сабе гэткі «ап!» – у тым ліку тады, калі было так страшна, што халадзелі рукі.

Дзяцінства

Сям’я, дзе рос Аляксандр Кулінковіч, жыла ў маленькай прыватнай хатцы ў Мінску. З самага маленства Саша бавіўся тым, што саджаў бадай усё, што можа вырасці. Яго дзівіла тое, што дасягнуць нечага можна не толькі сваім розумам, талентам, упартасцю; можна проста пасадзіць костачку і даглядаць яе – і вынік будзе амаль без намаганняў.

У двары стаяў невялічкі хлявок, і гэта была цалкам Сашава гаспадарка. У тыя часы быў росквіт вулічных боек «раён на раён», крывавых і жорсткіх; у прыватным сектары на гэтыя бойкі бралі і сабак. Парваных, параненых жывёл пасля прыводзілі да маленькага Сашы, які лекаваў іх, падымаў на ногі і вяртаў гаспадарам. Бацькі не сварыліся і не ўхвалялі такія ўчынкі – хутчэй за ўсё, проста не заўважалі. Маці працавала на трох працах, а бацька ў жыцці сям’і і выхаванні дзяцей – Сашы і яго старэйшай сястры – не браў удзелу.

Зрэшты, нельга сказаць, што і мама выхоўвала сына – у тым сэнсе, да якога мы прызвычаіліся. Але яна ўклала яму ў галаву некалькі базавых рэчаў, якія засталіся з ім дагэтуль. Напрыклад, любоў і павага да жанчын. Ужо стаўшы дарослым, Кулінковіч згаджаецца: сапраўды, жанчына – гэта самае святое, што ёсць у свеце. Дарогу трэба пераходзіць на зялёнае святло: так, іншых варыянтаў няма і сёння. Савецкі Саюз – самая лепшая краіна ў свеце; нягледзячы на тое, што Саюза даўно няма, Кулінковіч умее шчыра любіць краіну, у якой жыве, і шкадуе, што сучасных дзяцей гэтаму не вучаць.

А калі Сашу споўнілася 7 год, маці сказала яму: «Ты ўжо дарослы. Жыві, як лічыш патрэбным; калі будзе неабходнасць, я дапамагу». З таго часу ён так і жыве. Азірнуўшыся назад, заўважае, што час ад часу ўсё ж трэба было і рэменя атрымаць. «Я зрабіў у жыцці шмат глупстваў, але, дзякуй Богу, не фатальных. Ёсць некалькі ўчынкаў, за якія мне сорамна дагэтуль, але іх мала; і зробленыя яны былі не таму, што я хацеў некаму зрабіць дрэнна, а таму, што быў дурны». Пазней маці заўсёды цешылася яго поспехам, асабліва калі стаў музыкантам і яго пачалі паказваць па тэлевізары.

Вучоба

У школе фізіка была яго жыццём. Астатніх прадметаў для Аляксандра, лічы, не існавала. Ён займаўся фізікай на ўроках і пасля іх, дома, ездзіў на алімпіяды і нічога больш не бачыў. У тым была велізарная роля настаўніка, які здолеў заахвоціць сваім прадметам увесь клас. Той запал знік разам з пераводам у іншую школу, дзе новы настаўнік фізікі хутка адбіў у Аляксандра ўсялякую цікавасць да былога захаплення. Калі б гэтага не здарылася, цалкам імаверна, што Аляксандр Кулінковіч працягнуў бы адукацыю ў гэтым кірунку, і ў свеце было б на аднаго апантанага навукоўца болей.

Агулам Кулінковіч быў страшэнны разгільдзяй. У 6 год паспрабаваў паліць, а у 13 пакаштаваў партвейн; у 14 без капейкі ў кішэні паехаў у Туапсэ да каханай дзяўчыны, схлусіўшы, што едзе ў камандзіроўку (у той час Аляксандр ужо працаваў у рэдакцыі моладзевага выдання «Парус)».

У дзясяты клас Сашу Кулінковіча не бралі праз дрэнныя паводзіны. Згодна з правіламі соцыуму, ён пайшоў у вучэльню – атрымліваць сярэднюю спецыяльную адукацыю па спецыяльнасці «сантэхнік». Выбар быў абумоўлены вельмі проста: у гэтай вучэльні працавала сакратаркай ягоная сястра. Рабіцца сантэхнікам ён, вядома, не збіраўся, карыстаўся вар’яцкім попытам у дзяўчат, працаваў у розных моладзевых выданнях ды разважаў на тэму паступлення на факультэт журналістыкі БДУ.

1996 год, «залаты» склад «Нейра Дзюбеля». Злева направа: Максім Паравы, Максім Івашын, Аляксандр Кулінковіч, Юрый Навумаў (уверсе),Стась Паплаўскі (унізе), Андрэй Сцяпанюк

1996 год, «залаты» склад «Нейра Дзюбеля». Злева направа: Максім Паравы, Максім Івашын, Аляксандр Кулінковіч, Юрый Навумаў (уверсе),Стась Паплаўскі (унізе), Андрэй Сцяпанюк

Здзівіўшы найперш сябе, Аляксандр туды ўсё ж паступіў. І кінуў журфак, не скончыўшы нават першы курс — калі зразумеў, што выпускнікі пішуць горш, чым абітурыенты. Потым ён шкадаваў пра гэта і нават спрабаваў паступіць ізноў, але другі раз ужо не выйшла. Тым не менш, журналістыкай Кулінковіч займаецца ўсё жыццё. 

Нейра Дзюбель

Ён не быў лідарам, лічыў сябе слабым і баязлівым і не ставіў мэтаў роўна да таго часу, пакуль не з’явіўся «Нейра Дзюбель». Сам Кулінковіч кажа – «да таго часу, як у мяне з’явілася сям’я». Тады ён зразумеў, што павінен стаць важаком зграі. Быццам губка, дагэтуль набіраўся досведу ды ведаў, прыглядаўся ды прыслухоўваўся; цяпер жа адчуў сябе здольным вучыць сам і весці за сабой, пабачыўшы шлях.

«Я вяду Нейра Дзюбель да вачэй. Мае сябры ў гэта вераць. І большасць маёй публікі ў гэта верыць. Глядзець у вочы і ўспрымаць іх – найважнейшае, што мы мусім умець. Нейра Дзюбель, нягледзячы на тэатральную дурасць і агрэсіўнасць, заўсёды імкнецца да гэтага — і на канцэртах, і праз запісы. Вочы ў вочы — гэта і ёсць сапраўдная блізкасць. Людзі стаміліся без яе».

Кожны раз на сцэне Нейра Дзюбель грае так, нібыта гэты канцэрт апошні. Нелюдзімы і ціхі ў штодзённым жыцці, Кулінковіч ператвараецца ў дэмана, аддае столькі энергіі, каб хапіла кожнаму, шчыра і па-сапраўднаму.

«Усе, каму ёсць што сказаць, дзеляцца сваімі думкамі. Каменьчыкамі. У некага каменьчыкі белага колеру; уявім, што людзі, якім такія каменьчыкі падабаюцца, збіраюць толькі іх. Нехта рассыпае блакітныя каменьчыкі, шукаючы прыхільнікаў такога колеру. Нехта – чырвоныя. У мяне ў галаве каша, я дзялюся рознакаляровымі каменьчыкамі. І тыя падабаюцца самым розным людзям. Таму нашы тэксты знаходзяць водгук у велізарнай колькасці слухачоў».

Яшчэ з дзяцінства ў Аляксандра засталіся некалькі прыхільнасцяў, якія прайшлі праз усё жыццё; музыка – адна з іх. Прыняўшы як дадзенае, што ніколі не стане музыкам, ён працягваў марыць, як пра святло ў канцы тунэлю. Паступова, паслядоўна-выпадкова мара візуалізавалася. Доўгі час Кулінковіч лічыў «Нейра Дзюбель» за хобі, ставіў яго на другое месца пасля асноўнага занятку – журналістыкі. І толькі некалькі гадоў таму зразумеў, што гэта – галоўнае, што ён зрабіў у жыцці.

«Калі мяне паставіць перад любым выбарам, я выберу Нейра Дзюбель. Нейра Дзюбель — усё маё жыццё. Усё жыццё».

Выйсце

Імкненне да справядлівасці ў спалучэнні з надзвычайнай імпульсіўнасцю не аднойчы правакавалі ўчынкі, пра якія Аляксандру даводзілася шкадаваць. Ён губляў праз іх працу і амаль губляў сяброў, хоць сапраўдныя сябры ўрэшце прынялі яго такім, які ёсць. Цяпер ён ужо навучыўся, прыкладаючы значныя намаганні, стрымлівацца і не выказваць адразу тое, што думае. Сталее? Магчыма. Усё ж ламае сябе, як таго патрабуюць правілы? Больш верагодна. Ёсць што губляць, чым даражыць і дзеля каго рабіць саступкі.

«Велізарная колькасць нашых праблем – з-за няшчырай, штучнай ветлівасці. Больш за ўсё я паважаю шчырых людзей, якія не баяцца сказаць, што думаюць. Чаму праўда павінна некага пакрыўдзіць? Я на яе не крыўджуся ніколі».

Яго ўзрушае прыгнечанасць людзей, «бытавая паліткарэктнасць», што забівае асобу. Некалі ён зрабіў вельмі шмат для таго, каб «неіснуючыя» спісы забароненых музыкаў былі ліквідаваныя. І разам з іншымі дамогся шмат у гэтым кірунку – дзеля таго, каб мець магчымасць граць тут, у Беларусі, для людзей, якія жывуць побач з ім. Таму яму неймаверна цяжка бачыць, як паціху згасаюць вочы тых, дзеля каго працаваў больш за палову жыцця. Кулінковіч кажа, што яму пашчасціла нарадзіцца і вырасці ў патрэбны час, калі нікому ні да чаго не было аніякай справы. І невыносна цяжка жыць цяпер, калі ўсё ўпарадкавана, разважліва, усё пад кантролем, крок улева ці ўправа лічыцца ўцёкамі, а міліцыянты ўсаджваюць гледачоў на канцэртах, не дазваляючы скакаць. Яго прыводзяць у шаленства хлусня і недагаворанасць – тое, чым напоўнена сёння нашае жыццё. Ён знайшоў выйсце. Ці гэтае выйсце знайшло яго? Выратаваннем зрабіўся алкаголь. Пасля шматгадовай барацьбы ён больш не змагаецца з ім.

«Я ведаю, што алкаголь перашкаджае мне жыць. Ён некалі мяне заб’е. Часцяком алкаголь робіць мяне агрэсіўным і вымушае здзяйсняць крокі, пра якія потым шкадую. Пэўна, так амаль ва ўсіх. Але ж п’яныя – сумленныя; з іншага боку, алкаголь надае мне смеласць, якой не хапае, каб быць шчырым. Адкінуць гэтую бытавую талерантнасць. Калі я цвярозы – я грамадзянін Аляксандр Міхайлавіч Кулінковіч, баязлівы, як большасць беларусаў. Вельмі сумны чалавек. Не люблю доўгіх размоў і падтрымліваю стасункі літаральна з парай чалавек, адчуваючы свабоду толькі на сцэне. З алкаголем я магу не азірацца і быць сабой. Але кіраваць мною яму больш не дазваляю».

Яго рвуць на часткі тэмпераменты продкаў, нямецкі і ўкраінскі. Гэтая дваістасць пераследуе яго на працягу жыцця, і падаецца, што ўнутраны канфлікт з часам толькі ўзрастае. «Немец» у Кулінковічы патрабуе правілаў і парадку, каб усё было слушна ды зразумела, ён далікатны, прадказальны і часам можа нават трохі занудлівы. «Украінец» бунтуе супраць несправядлівасці і няшчырасці, кідаецца ў бойкі і рве кашулю на сцэне, адмаўляючыся прызнаваць нейкія правілы.

Кода

Аляксандр Кулінковіч ганарыцца тым, што амаль усё, што было некалі задумана, спраўдзілася. У яго ёсць звычка загадваць жаданні-мэты пад звон навагодніх курантаў – і на працягу наступнага года дамагацца іх. Сённяшняя мэта – пабудаваць дом на зямлі. Кулінковіч мае «краіну мары» – гэта Нідэрланды; там Аляксандр адчуў адпаведны яму баланс паміж правіламі і свабодай. Але свой дом ён будзе будаваць тут.

Таму што тут – людзі, якім ён патрэбен.

* * *

Біяграфія ў датах:

Нарадзіўся ў 1972 у Смалявічах
1977 – сям’я пераязджае ў Мінск
1979 – пайшоў у першы клас мінскай школы №99
1986 – перайшоў у школу №45
1987-1990 – вучоба ў ПТВ №23
1989 – стварэнне «Нейра Дзюбеля»

* * *

14 мая ў клубе «RE:PUBLIC» (вул. Прытыцкага, 62) адбудзецца вялікі сольны канцэрт гурту Нейра Дзюбель. Пачатак а 19-й гадзіне. Тэлефон для даведак +375 29 110-35-35.

26 мая ў бары «Beer&Wine» можна будзе паслухаць альтэрнатыўны праект Аляксандра Кулінковіча – гурт «Веласіпедыстаў». Для яго абраныя песні з архіву, якія па тых ці іншых прычынах не ўвайшлі ў рэпертуар «Нейра Дзюбеля». Акустыка. Пачатак у 20.00. Інфалінія +375 33 661-14-32.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?