Міжнародная федэрацыя хакея дазволіла камандзе, якая прайграла ў фінале чэмпіянату свету, не чакаць працэдуры ўзнагароджання суперніка, які заваяваў золата.
Цяпер зборная, якая пацерпіць паразу ў вырашальным паядынку, пасля ўзнагароджання сярэбранымі медалямі можа не заставацца на ўручэнне чэмпіёнскага кубка. Пра гэта ТАСС паведаміў віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) Калерва Кумала.
Пасля фінальнага паядынку чэмпіянату свету — 2015 у Празе, дзе расейцы прайгралі Канадзе (1:6), большасць гульцоў зборнай Расіі перад выкананнем гімна каманды-пераможцы адправілася ў распранальню.
Некаторыя ўсё ж засталіся на пляцоўцы — у прыватнасці, Аляксандр Авечкін, Яўген Малкін, Віктар Ціханаў, Дзмітрый Кулікоў.
© EPA/FILIP SINGER
У жніўні мінулага года Міжнародная федэрацыя хакея аштрафавала Федэрацыю хакея Расіі па выніках гэтага інцыдэнту на 80 тысяч швейцарскіх франкаў.
«Мы ўнеслі змяненне, цяпер пасля ўручэння медалёў і перад уручэннем кубка каманда, якая прайграла, можа пакінуць цырымонію ўзнагароджання», — сказаў Кумала.
Чэмпіянат свету 2016 года пройдзе з 6 па 22 мая ў Маскве і Санкт-Пецярбургу.