Ветэрынарная станцыя ў Хойніках даследавала малако з фермерскай гаспадаркі Мікалая Чубянка. Праверка на стронцый-90 праводзілася пасля публікацыі «Асашыэйтэд Прэс» аб дзесяціразовым перавышэнні нормы па гэтым радыенуклідзе. Выснова лабараторыі ў Хойніках — малако адпавядае патрабаванням нарматываў.

Пра вынікі даследаванняў TUT.BY распавялі ў Дэпартаменце па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС. «Факс з пратаколам выпрабаванняў мы размесцім у перыяд з 11 па 13 мая на сайце Дэпартамента», — сказаў начальнік упраўлення рэабілітацыі пацярпелых тэрыторый Дзмітрый Паўлаў.

Па словах Паўлава, у пратаколе выпрабаванняў № 908 ад 6 мая ДУ «Хойніцкая райветстанцыя» паведамляе, што даследавалі партыю малака — 421 кілаграм, гэта менавіта тое малако, якое з фермерскай гаспадаркі забірае малакавоз. З гэтага аб'ёму для даследавання на стронцый-90 ўзялі пробу 3 літры.

Малако было надоена 26 красавіка, пробы атрымалі 27 красавіка, у той жа дзень пачалі праводзіць выпрабаванні. Скончылі 6 мая — даследаванні па стронцыю па спецыяльнай методыцы праводзяць каля тыдня. Для вымярэння выкарыстоўвалі гама-бэта-спектрометр МКС-АТ1315.

Вынік даследаванняў — 1,91 +/- 0,53 Бк/кг (норма па стронцыі-90 — 3,7 Бк/кг.). Выснова лабараторыі: малако адпавядае нарматыву.

Адразу пасля адбору пробаў Хойніцкая райветстанцыя даследавала малако яшчэ і на цэзій-137. Вынік даследаванняў: менш за 2,75 Бк/кг пры норме ў 100 Бк/кг.

Малако з такімі паказчыкамі можна прадаваць у крамах.

Нагадаем, амерыканскае агенцтва «Асашыэйтэд Прэс» апублікавала рэпартаж пра радыёактыўнае малако. Журналісты здалі на аналіз малако фермерскай гаспадаркі, якая знаходзіцца на забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі, і выявілі перавышэнне нормы па стронцыю-90 у 10 разоў: 37,5 Бк/кг пры нарматыўных 3,7. Вядома, што малако фермер здае на «Мілкавіту», прадукцыя якой у асноўным экспартуецца ў Расію.

Мінская лабараторыя, якая даследавала малако, заявіла, што інфармацыя непраўдзівая, а вымярэнні праводзіліся толькі па цэзію-137. Журналіст Юрась Карманаў, у сваю чаргу, паказаў даведку, якую яму выдалі пасля вымярэнняў у лабараторыі.

Як вымяраецца ўзровень стронцыю ў малацэ

Начальнік упраўлення рэабілітацыі пацярпелых тэрыторый Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай АЭС Дзмітрый Паўлаў пракаментаваў і для «Нашай Нівы» гучную справу з малаком беларускай фермы за 45 км ад Чарнобыля. 

Даследаванне таго малака, патлумачыў Д.Паўлаў, рабілася на прыладзе MKС-АТ1315 вытворчасці беларускага прадпрыемства «Атамтэх». Для вызначэння ўтрымання кожнага з радыеактыўных ізатопаў трэба іначай рыхтаваць пробу. Найпрасцейшы аналіз — на цэзій-137. Для яго дастаткова літра вадкага малака, робіцца такі аналіз 30 хвілін.

Аналіз на стронцый патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкі пробы.

Па-першае, малака мае быць не менш за тры літры. Спачатку яно ўпарваецца на працягу пяці дзён — яго прапускаюць праз спецыяльны фільтр. Потым сухое рэчыва, якое застаецца на фільтры, спальваюць. І з трох літраў малака выходзіць пару дзясяткаў грамаў спаленага рэчыва. У ім прылада вызначае ўзровень утрымання стронцыю, а пасля з дапамогай разліковых табліц будуецца прапорцыя, якая паказвае ўтрыманне радыенукліду ў зыходных трох літрах малака.

Аналіз на стронцый проста не праводзіўся, але ў пратаколе вымярэння, які атрымалі на рукі журналісты, прылада аўтаматычна выдала лічбы па ўсіх магчымых на ёй вымярэннях.

Па стронцыі-90 і каліі-40 гэта лічбы адвольныя, цалкам выпадковыя, патлумачыў Д.Паўлаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0