Затрыманага ўдзельніка велапрабегу «Крытычная маса» і падазраванага ў гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да супрацоўніка ДАІ Дзмітрыя Паліенку перавялі ў СІЗА Жодзіна. Увечары 6 мая яму прад'явілі абвінавачванне, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Акрамя таго, 5 мая пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы аб парушэнні правілаў дарожнага руху ў дачыненні да назіральніка БХК Кірыла Кожанава, аднак разгляд быў перанесены на 11 мая.

Таксама стала вядома, што будзе рабіцца агляд месца здарэння і адбудзецца дадатковы допыт у сувязі з заявай Максіміліяна Бойчанкі аб прыцягненні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў да адказнасці.

Праваабаронцы нагадваюць, што жорсткае затрыманне веласіпедыстаў — удзельнікаў «Крытычнай масы» адбылося ўвечары 29 красавіка. У выніку грубых дзеянняў АМАПа было затрымана шэсць чалавек, якіх моцна збілі і адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна. Пазней чацвёра з затрыманых падпісалі пратаколы аб парушэнні правілаў дарожнага руху і аказанні супраціўлення супрацоўнікам органаў унутраных спраў і ДАІ, а супраць дваіх былі распачаты справы па арт. 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Пазней дадому да Максіміліяна Бойчанкі, які падчас акцыі не быў затрыманы, прыехалі супрацоўнікі ДАІ і ўручылі позву з патрабаваннем з'явіцца ў РУУС Цэнтральнага раёна для ўдзелу ў адміністрацыйным працэсе.

Грамадская акцыя «Крытычная маса» штомесяц на працягу 20 гадоў бесперашкодна праводзіцца больш чым у 300 гарадах свету. У руху «Крытычная маса» можа прыняць удзел любы веласіпедыст. Для правядзення заезду загадзя абвяшчаецца месца і час збору ўдзельнікаў, у асноўным праз сацыяльныя сеткі, і маршрут следавання.

Яе мэтай з'яўляецца папулярызацыя веларуху, развіццё гарадской транспартнай інфраструктуры і прыцягненне ўвагі да праблем засілля аўтатранспарту ў горадзе, што адмоўна ўплывае на стан навакольнага асяроддзя і ўзровень бяспекі дарожнага руху.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?