Пракуратура ў штаце Пенсільванія прад'явіла двум грамадзянам Беларусі завочныя абвінавачванні ў дачыненні да крадзяжу 1,35 млн.долараў пры кібератакі на банк у ЗША. Пра гэта заявіў журналістам у Пітсбургу пракурор Заходняй акругі Пенсільваніі Дэвід Хіктан.

Паводле інфармацыі ТАСС, гаворка ідзе пра 34-гадовага Аляксея Ярашэвіча і 41-гадовага Ягора Паўленку. Па дадзеных уладаў ЗША, абодва яны былі затрыманыя ў Мінску ў сувязі з расследаваннем дзейнасці міжнароднай хакерскай групоўкі. Паводле сцвярджэння пракуратуры ў Пітсбургу, мужчыны датычныя да крадзяжу 1,35 млн. даляраў з рахунку ў амерыканскім банку нафтагазавай кампаніі Penneco Oil, што базуецца ў Пенсільваніі

«Гэтыя затрыманні дэманструюць, што мы будзем браць пад крымінальны пераслед за мяжой і па ўсім свеце тых, хто ўваходзіць у злачынныя групоўкі, і дамагацца, каб яны панеслі пакаранне», - сказаў Хіктан.

Як раней паведамлялася са спасылкай на Следчы камітэт, беларускія праваахоўнікі сумесна з ФБР спынілі дзейнасць міжнароднай злачыннай групы, якая крала сродкі кампаній.

Устаноўлена, што ўдзельнікі злачыннай групы на працягу некалькіх апошніх гадоў з выкарыстаннем шкоднаснага праграмнага забеспячэння завалодвалі рэквізітамі банкаўскіх рахункаў розных кампаній. Так, з рахунку буйной амерыканскай кампаніі групай было выкрадзена 1 млн. 350 тыс. долараў ЗША (па ўсім відаць, гаворка ішла аб Penneco Oil). У далейшым злачынная група спрабавала легалізаваць скрадзеныя грошы з дапамогай спецыяльна створаных для гэтых мэтаў фіктыўных кампаній, зарэгістраваных у Беларусі, Кітаі, Бангладэш і іншых краінах.

Першапачаткова ў красавіку гэтага года ў паведамленні прэс-службы СК гаварылася, што ў Мінску былі затрыманыя два актыўныя ўдзельнікі злачыннай групы — мінчане 1981 і 1974 гадоў нараджэння. У пачатку мая стала вядома, што па крымінальнай справе затрыманы трэці ўдзельнік групы — мінчанін 1972 года нараджэння.

Затрыманым прад`яўлена абвінавачванне ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 4 арт. 212 КК (крадзеж шляхам выкарыстання камп`ютарнай тэхнікі, учынены арганізаванай групай у асабліва буйным памеры). У дачыненні да іх прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Як адзначала прэс-служба СК, залогам паспяховага завяршэння аперацыі па ўстанаўленні і затрыманні падазраваных асоб паслужылі прафесійныя сумесныя дзеянні Следчага камітэта, Міністэрства ўнутраных спраў, Генеральнай пракуратуры Беларусі і Федэральнага бюро расследаванняў ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?