Фрагмент карціны Леаніда Дударэнкі «Мінск, 1919» (1977). Сімвалічна, што за спінамі Чарвякова і Жылуновіча стаіць Мяснікоў. Першы злева, магчыма, Усевалад Фальскі.

Фрагмент карціны Леаніда Дударэнкі «Мінск, 1919» (1977). Сімвалічна, што за спінамі Чарвякова і Жылуновіча стаіць Мяснікоў. Першы злева, магчыма, Усевалад Фальскі.

Адна з самых знакамітых пабудоў Мінска — Пішчалаўскі замак. Спіс сядзельцаў гэтай турмы ўражвае: паўстанцы Каліноўскага, Дунін-Марцінкевіч, Колас, Гарун, Дзяржынскі… Трэба ўзгадаць і «айцоў» беларускай дзяржаўнасці, носьбітаў ідэі вызвалення ад надакучлівай апекі Масквы. У 1919 камеры Пішчалаўскага замка запоўнілі беларускія міністры першага савецкага беларускага ўрада, учорашнія паплечнікі прышлых бальшавікоў-франтавікоў пад загадам Мяснікова і Кнорына.

Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь была абвешчаная Маніфестам Часовага рабоча-сялянскага ўрада ў першы дзень новага 1919-га, а ўжо ў лютым 1919 міністраў ССРБ суправадзіў у турму камендант Мінска, сумнавядомы Крывашэін, каманда якога разагнала Усебеларускі з’езд у снежні 1917-га. Быў «госцем» найстарэйшай менскай турмы і Усевалад Фальскі, які ў першым савецкім урадзе Беларусі меў партфель міністра замежных спраў. Перад беларускай культурай гэты чалавек заслужыўся як адзін са стваральнікаў нацыянальнага тэатра.

«Малодшыя браты» і крамлёўскі інтрыган

Калі сёння некаторыя ўзгадваюць ролю Сталіна ў фармаванні беларускай дзяржаўнасці, дык яны маюць рацыю. Тагачасны наркам па справах нацыянальнасцяў зрабіў усё, каб пазбавіць беларускіх палітыкаў рэальнай улады. Бальшавіцкія партыйныя камітэты, якія ствараліся на Заходнім фронце і пасля запанавалі ў прыфрантавой Беларусі, адыгралі ролю траянскага каня. Іх члены, выпадковыя людзі, выканалі волю крамлеўскіх уладароў. За дэмагагічнымі заявамі аб праве нацый на самавызначэнне бальшавікі не хавалі планаў аднаўлення імперыі ў новым савецкім фармаце. Празаходні вектар урада абвешчанай у сакавіку 1918-га Беларускай Народнай Рэспублікі вельмі турбаваў Маскву.

Цынічная ўсмешка лёсу: вуліца побач з Валадаркай да гэтага часу носіць імя аднаго з самых зацятых знішчальнікаў беларускай дзяржаўнасці. І плошча імя Аляксандра Мяснікова (Мяснікяна) таксама нікуды не знікла з мапы горада. Яго заслугі перад Беларуссю можна пачаць з гісторыі пра тое, як ён праваліў абарону і здаў Мінск нямецкім войскам у 1918 г. Затое яго таленты праявіліся ў партыйных інтрыгах і спробах стварыць для сябе тэрыторыю панавання. Як сведчаць крыніцы, яго амбіцыі франтавога «дыктатара» ўлічваў Сталін, калі ствараў супрацьвагу мясцовым дзеячам і гуляў у «дзяржаўнасць» з беларускімі палітыкамі.

Усевалад Фальскі.Фота са следчай справы.

Усевалад Фальскі.
Фота са следчай справы.

У лісце ад 29 снежня 1918 Мяснікову і Калмановічу Сталін пісаў: «Сёння выязджаюць у Смаленск беларусы. Вязуць з сабой маніфест. Просьба ЦК партыі і Леніна прыняць іх, як малодшых братоў, можа быць, яшчэ недасведчаных, але гатовых аддаць сваё жыццё партыйнай і савецкай працы. Пракламаванне ўрада мусіць адбыцца ў Мінску».

«Малодшым братам», даверлівым беларусам, спрактыкаваны палітычны інтрыган, хаваючы ўсмешку ў вусы, падрыхтаваў ролю марыянетак, а затым і ахвярных авечак.

Жорсткае расчараванне

Канферэнцыя бальшавікоў у Смаленску (потым гэта мерапрыемства атрымала назву першага з’езда Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі) абвясціла аб стварэнні Савецкай Сацыялістычнай Беларусі. Партыйны сход фактычна падмяніў устаноўчы сход і парламент краіны. Фракцыі левай плыні Усебеларускага з’езда, адным з лідараў якой быў Усевалад Фальскі, недальнабачна падтрымалі гэты манеўр бальшавікоў. Са жніўня 1918 Фальскі з сябрамі, беларускімі камуністамі, знаходзіўся ў Маскве і браў удзел у стварэнні беларускай секцыі РКП(б). Наш герой быў у спісе тых «малодшых братоў», якіх Сталін прапанаваў Мяснікову і Ко як партнёраў у справе пабудовы беларускай рэспублікі ў савецкай абгортцы.

«Беларусы далі згоду на вядомае вам пагадненне з дзвюма агаворкамі, — пісаў Сталін Мяснікову. — 1. Старшыня не бярэ партфеля, праз што ў склад урада ўводзіцца яшчэ адзін член, які мае ўзяць партфель па замежных справах — Усевалад Фальскі…». Такім чынам, партфель міністра Фальскаму дастаўся праз папярэдні гандаль з маскоўскімі бальшавікамі і рэальныя саступкі.

Але пасля Першага Усебеларускага з’езда Саветаў (2—3 лютага 1919 г.) надышло жорсткае расчараванне. Бальшавікі не збіраліся дзяліцца ўладаю з саюзнікамі. І хутка пазбавілі беларусаў міністэрскіх партфеляў. А наваствораную ССРБ — усходніх тэрыторый. З’езд ратыфікаваў далучэнне Магілёўскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў да РСФСР. Высокі госць з’езда, праваднік маскоўскай палітыкі Якаў Свярдлоў, патрабаваў аб’яднання Літвы (амаль без тэрыторыі) і Беларусі, каб «засцерагчы гэтыя рэспублікі ад небяспекі нацыянальна-шавіністычных імкненняў». А калі «імкненні праявіліся», то міністраў Усевалада Фальскага, Восіпа Дылу і Фабіяна Шантыра закрылі ў турму.

«Кемлівыя бальшавіцкія чэрці»

Інфармацыю пра стыль кіравання Мяснікова ў Мінску дае заява мужа і жонкі Пятра і Ірмы (Гельрых) Пятровых. Яны падалі яе ў лістападзе 1920 у канфліктную камісію ЦК РКП (б), калі «стваральнік беларускай дзяржаўнасці» паспрабаваў падмяць пад сябе маскоўскі партыйны камітэт. Масквічы, шукаючы кампрамат на гарачага армяніна, разварушылі яго мінскае мінулае. У дакуменце адзначалася, што «ў 1919 г. Мяснікоў дапускаў расстрэлы без усякага разбору, пакрываў п’янства адказных работнікаў, хаваў спекуляцыі сярод сваіх, дзейнічаў самачынна…» Пятровы паведамлялі і пра незаконныя арышты членаў Часовага урада ССРБ, высылку іх за межы рэспублікі.

Мала дзе ўзгадвалася, што Свярдлоў на «гістарычны» з’езд Саветаў у Мінск прыехаў не адзін. У непрыгожай справе адабрання тэрыторый і фактычнага знішчэння толькі што народжанай ССРБ яму дапамагалі член прэзідыума Усерасійскага выканаўчага камітэта Леў (Лейба) Сасноўскі, спрытны журналіст бальшавіцкіх выданняў і прадстаўнік ВЧК, і Якаў (Янкель) Юроўскі — адзін з арганізатараў забойства царскай сям’і, злавесны сімвал той эпохі. Юроўскі быў і адным з ініцыятараў пераафармлення Савецкай Беларусі ў палітычную і дзяржаўную пустышку Літбел (Літоўска-Беларускую Рэспубліку). Дэлегаты — не выпадковыя, адабраныя па прынцыпе лаяльнасці мінскім бальшавікам людзі — і тыя не разумелі, навошта касуецца ССРБ і ствараецца нейкі гібрыд Літбел. «Беларусаў ліха шальмавалі», адзначалі сучаснікі падзей.

Дык што святкуем на пачатку кожнага года? Галоўныя, з правамі прамаўляць ад імя афіцыёзу, гісторыкі краіны не мінаюць тэму ўсталявання беларускай дзяржаўнасці і не забываюцца на падзякі ў адрас «айца народаў». Часцяком узгадваюць працу галоўнага рэдактара часопіса «Родіна» Ю. Барысёнка «На крутых поворотах белорусской історіі». Дарэмна не цытуюць яе. Пра спрытную кампанію Мяснікова ў Мінску ён напісаў наступнае: «Кемлівыя бальшавіцкія чэрці на чале з самім таварышам Сталіным трывала ўсселі на беларускую палітыку і ператварылі яе (разам з украінскай) перш за ўсё ў дзейсную зброю барацьбы з неспакойным суседам (Польшчай —аўт.)». Цынічная, але праўдзівая выснова пра сутнасць «братэрскай» палітыкі.

Чырвонаармейцы супраць камісараў

Але ж вернемся ў Мінск 1919-га. Падчас візіту Свярдлова і іншых маскоўскіх гасцей, да якіх са скаргамі на Мяснікова кінуліся мясцовыя камуністы, усплыла непрыгожая гісторыя з увядзеннем незаконнага надзвычайнага падатку. Так мінскі бальшавіцкі ўрад спрабаваў вырашыць пытанне папаўнення казны. Рабочыя і дробныя гандляры, якія не выканалі патрабаванне міністра фінансаў ва ўрадзе Мяснікова І.Рэйнгальда, былі кінутыя за краты. Гэта выклікала ўсеагульнае абурэнне. Нават чырвонаармейцы адмовіліся ахоўваць турму і на стыхійным мітынгу каля яе муроў прынялі рэзалюцыю «супраць камісараў». «Мы ўступілі ў Чырвоную Армію для абароны рабочых і сялян, але не для таго, каб рабаваць у інтарэсах камісараў», — цытавалі пастанову мітынгу аўтары скаргі ў ЦК.

Муж і жонка Пятровы выдалі сакрэтныя планы ўрада Мяснікова: «арыштаваць некаторых яўрэяў-спекулянтаў і расстраляць іх, каб такім чынам прадухіліць магчымасць пагромаў». Быццам вінаватых улада ўжо знайшла і пакарала. Для выканання, сцвярджалі Пятровы, быў знойдзены нейкі хлопец, які за 35 тысяч, якія яму былі дадзены ў ЧК, павінен быў выканаць заданне. Выканаўца «інсцэніроўкі Мяснікова» быў хутка расстраляны. Гісторыя адносна часоў уладарання ў Мінску Мяснікова, Кнорына і Яркіна (старшыні ЧК) не новая. Тэрор, развязаны ведамствам Яркіна, стаў ледзь не галоўным спосабам ажыццяўлення і ўтрымання ўлады самазванцаў.

Апісалі камуністы Пятровы і непрыгожую гісторыю з арыштам беларускіх міністраў.

Мяснікоў, баронячыся ад крытыкі, тлумачыў, што сябры ўрада выявілі сябе «як контры», агітавалі супраць крамлёўцаў. «Становішча ў Мінску было трывожнае. Да шэрагу мер, прынятых для ўсталявання цвёрдай улады, адносіцца і арышт, здаецца, трох былых членаў урада, — ледзь успомніў беларусаў Мяснікоў. — Яны былі арыштаваныя ЧК са згоды і дазволу цэбэ (Цэнтральнага бюро —аўт.) партыі і Прэзідыума ЦВК Беларуссіі…». Спаслаўся Мяснікоў і на рашэнне ЧК. «ЧК Беларуссіі лічылася адной з найлепшых ЧК Расіі. Яе старшыня — т. Яркін — у свой час заслужыў поўнага даверу і павагі ВЧК у асобе т. Дзяржынскага. Усе пастановы ЧК выносіліся з ведама і згоды цэбэ — ЦВК і пад неаслабным наглядам цэнтру», — спаслаўся ён на ўзгадненне з Масквою пытання аб арышце беларускіх міністраў. Успомніў «дыктатар» Мінска і пра расстралянага ў 1920-м невядома за што Асобым аддзелам 16-й арміі Фабіяна Шантыра.

Падрабязнасці гісторыі расправы з былым міністрам Часовага ўрада, паэтам і журналістам дагэтуль невядомыя. Не маем мы і поўнай біяграфіі Усевалада Фальскага. Яе невялікія фрагменты былі знойдзеныя высілкамі гісторыкаў Віталя Скалабана і Вячаслава Селяменева.

«Бясхозныя» міністры

Пра першую «ходку» палітыка і стваральніка беларускага тэатра вядома няшмат. Ад 8 да 10 лютага 1919 Фальскі і яго паплечнікі, міністры Дыла і Шантыр, па чарзе займалі месцы ў камерах. Арышты і ператрусы ў іх кватэрах нічога не далі. 11 лютага арыштантаў наведалі сам Крывашэін і следчы ЧК. Цэнтральнае бюро КПБ, дзе ўладу захапілі Мяснікоў, Кнорын і Калмановіч, паабяцала следчым кампрамат на арыштаваных, але так нічога і не далі. Больш за тое, усе наваствораныя дзяржаўныя ўстановы трымалі дыстанцыю ад гэтай бруднай справы, ніхто не ўзяў на сябе адказнасці за арышт. Паводле правілаў турэмнага ўтрымання, сядзельцы мусілі быць на ўліку ЧК, пракуратуры ці нейкіх іншых органаў, якія пералічвалі сродкі на ўтрыманне арыштантаў. Таму хутка пасля першага арышту «бясхозных» беларусаў вызвалілі. Але ведамства Яркіна знайшло падставы для іх новага арышту і накіравання ў Смаленскую вязніцу. У палітыкаў адабралі і больш не вярнулі партыйныя пасведчанні. Пазней Фальскі ўзгадае: «Выбыў з партыі аўтаматычна».

Аляксандр Мяснікоў — рука Крамля ў першымбеларускім савецкім урадзе.

Аляксандр Мяснікоў —
рука Крамля ў першым
беларускім савецкім урадзе.

Рэпрэсіўная кампанія суправаджалася нападамі на беларускую мову і культуру ў галоўным партыйным выданні — газеце «Звезда». Бальшавікі з групы Мяснікова, нейкія Бабенка, Ханін, Радзівілоўскі, гучна заклікалі да расправы над «самастойнікамі» аж да расстрэлу. Хутка гэтыя авантурысты апынуцца самі ў Смаленскай турме за крымінальныя злачынствы. Гэта сведчыць, што Мяснікоў не грэбаваў сумнеўнымі знаёмствамі.

Фальскага адпускалі і саджалі зноў. У турэмнай справе за 1921 год ёсць пазнака Асобага аддзела Заходняга фронту, што ён быў вызвалены са Смаленскай катаржнай турмы 7 мая 1919. Былы камуніст і міністр перайшоў фронт і вярнуўся ў заняты польскімі войскамі Мінск. Тут яго чакала жонка і калегі па тэтральным мастацтве.

Вайна вайною, а справа пабудовы нацыянальнага тэатра працягвалася. Фальскі працаваў разам з Ігнатам Буйніцкім, Фларыянам Ждановічам, Уладзіславам Галубком. Ён выконваў вядучыя ролі ў «Паўлінцы» Янкі Купалы, «Модным шляхцюку» Каруся Каганца, іншых пастаноўках Таварыства беларускай драмы і камедыі.

За сценамі тэатра ён паспяваў ствараць моладзевыя гурткі, браць удзел у грамадскіх арганізацыях. Фальскі быў сябрам Беларускай арганізацыі дапамогі ахварам вайны. Пасля стварэння ў кастрычніку 1919 Беларускай вайсковай камісіі працаваў там перакладчыкам з польскай і беларускай моваў на расійскую, адначасова быў намеснікам начальніка лясной гаспадаркі.

Вясёлы з вуліцы Вясёлай

Натура палітыка адпавядала назве вуліцы, на якой ён жыў. Вуліца месцілася каля Кашараў, колішніх вайсковых казармаў. Лагічна, што каля жытла ваенных вырасла мноства піўных і іншых забаўляльных устаноў. Асоба творчая, былы міністр і заўсёды артыст Фальскі жыў з густам. Гэта адзначаў і асведамляльнік ЧК, нейкі Біеў: «Фальскій — мот, кутіла, поклоннік женского пола, — з непрыхаванай зайдрасцю даносіў сексот. — По слухам, жівет на шірокую ногу».

Сціплая анкета турэмнай справы Фальскага, што змясцілася ў школьным сшытку, паведаміла: «Фальскі У.С., беларус, 1886 г.н. (зараз ведаем дзень нараджэння — 7 сакавіка), 36 гадоў (35 на той момант — аўт.), адукацыя вышэйшая, прафесія — лесавод, акцёр; месца жыхарства — Мінск, вул. Вясёлая (зараз кавалак Ульянаўскай ад Чырвонаармейскай да моста — аўт.), 26, кватэра 2, артыст Белтрупы. Скончыў музычную вучэльню. Да арышту ў 1921 займаў пасаду намесніка загадчыка аддзела мастацтва, вучонага сакратара Акадэмічнага цэнтра наркамата асветы ССРБ. Рост — 2 аршыны 10 вяршкоў (186 см), вочы карыя, валасы чорныя, нос, рот правільныя». Па ўсім мужчына прыкметны, прыгожы брунэт, росту і па нашых часах немалога.

Спявалі разам у хоры

Трэці раз няўрымслівы Фальскі быў арыштаваны 3 верасня 1921 за ўдзел у контррэвалюцыйнай арганізацыі «Зялёны дуб» (ЗД). Пры канцы верасня таго года добрая палова актывістаў беларускага руху, у тым ліку і дзеячы культуры, апынулася за кратамі. Такі быў вынік аперацыі «Крот» па ліквідацыі цэнтраў падрыхтоўкі антысавецкага паўстання, якую ажыццяўлялі маскоўскія і беларускія чэкісты.

У бурлівым 1921-м Мінск стаў ледзь не галоўным пунктам у планах замежных антысавецкіх цэнтраў. На канец жніўня «Народны саюз абароны радзімы і свабоды» рускага эсэра і тэрарыста Барыса Савінкава разам з генералам Булак-Балаховічам і беларускімі партызанамі «Зялёнага дуба» планавалі паўстанне на беларускіх тэрыторыях. Мэта — звяржэнне савецкай улады і стварэнне плацдарма для руху на Маскву і Петраград.

І калі разведчыца «Зялёнага дуба» Ганна Доўгерт завітала на вуліцу Вясёлую, яна перадала Фальскаму не толькі прывітанні і падарункі, але і просьбу аб актыўным удзеле і падтрымцы баявой акцыі. Фальскі і камандзір «Зялёнага дуба» атаман Дзяргач (Вячаслаў Адамовіч) былі знаёмыя. Адамовічы мелі ў Мінску дом на вуліцы Міхайлаўскай. Дзяргач з Фальскім нават разам служылі беларускай Мельпамене: спявалі ў хоры знакамітага капельмайстра Уладзіміра Тэраўскага. Увогуле, і Фальскі, і іншыя сябры мінскай зеленадубскай арганізацыі сцвярджалі на допытах, што знаёмства з Дзергачом адбылося менавіта ў хоры Тэраўскага.

Сумяшчэнне палітычных і творчых роляў у тагачасным грамадстве было з’явай пашыранай. Літаратурныя творы, выступы на тэатральнай сцэне — цудоўныя сродкі папулярызацыі асобы і камунікацыі ў розных асяродках.

Ганна патлумачыла Фальскаму, што зяленадубцы змагаюцца за незалежную Беларусь. Гаспадар кватэры на Вясёлай запрасіў сувязную ў «Беларускую хатку», клуб мясцовай інтэлігенцыі, і паабяцаў падрыхтаваць падборку савецкіх газет. Савецкая прэса была паўнавартаснай крыніцай інфармацыі, і польская выведка плаціла неблагія грошы за газеты. Паміж Дзергачом і Фальскім завязалася перапіска. Як вынікае з крымінальнай справы, першы ліст атамана мінская ЧК перахапіла ўжо 10 жніўня. Адкуль чэкісты ведалі? Хаўруснік «Зялёнага дуба», савінкаўскі Народны саюз, быў наскрозь прабіты савецкай агентурай, «крот» завёўся ў самым блізкім атачэнні Савінкава.

«Называл попавшіхся в этом деле ліц дуракамі»

У расследаванні складаных палітычных спраў чекістам дапамагаў немалы штат унутрыкамерных агентаў — «наседак». Сексот Сцепанішчаў паведамляў, што ў ноч з 10 на 11 верасня ў камеру прывялі Язэпа Лёсіка. З размовы вязняў ён толькі і зразумеў (гаворка ішла па-беларуску), што пры яго затрыманні нейкія важныя спісы ўдзельнікаў беларускіх курсаў не былі знойдзены, аб чым з палёгкай гаварыў новы арыштант. Усе гэтыя беларускія чытанні, тэатральныя пастаноўкі, лекцыі — зрабіў выснову сексот — адыгрываюць вялікую ролю ў падрыве савецкай улады.

Другая «наседка» даслала следчаму Шульману даведку: «Доношу до Вашего сведенія, что на днях на прогулке я слышал, как одін із арестованных по фаміліі Фальскій, белорус, вел разговор с другім арестантом, фаміліі которого не знаю, об Ігуменской організаціі, называя попавшіхся в этом деле ліц дуракамі, і добавіл: «Хорошо, что мінскіе пока не пострадалі», прі этом упомінал фамілію одного із врачей городской больніцы, у которого в случае ареста моглі бы что-то обнаружіть». Доктар Сямён Валачковіч, дзядзька Дзергача, і яго памочнікі са шпіталя таксама былі арыштаваныя і асу-джаныя на розныя тэрміны зняволення.

Садзейнічанне зеленадубцам шмат каму з менчукоў каштавала жыцця. Тэрыторыя Пішчалаўскага замка была і месцам выканання смяротнага пакарання. 21-гадовая Ганна Доўгерт і тры яе паплечнікі, у тым ліку і памочнік кіраўніка хора Тэраўскага Уладзімір Кубар, у ноч з 18 на 19 кастрычніка 1921 былі расстраляны ў турэмным двары.

Спроба самагубства?

Фальскі і Тэраўскі 23 верасня 1921 таксама былі асуджаныя Калегіяй ЧК Беларусі да расстрэлу. Але сваякі і калегі звярнуліся з хадайніцтвам у Маскву. Просьбу аб памілаванні падтрымалі і некаторыя беларускія нацыянал-камуністы. І гэта мела вынік. Новы паварот лёсу засведчыла папера: «У змену пастановы Калегіі ЧКБ г-д Тэраўскага і Фальскага зняволіць у лагер тэрмінам на 5 год. Накіраваць у Смаленскі Асобы аддзел Заходняга фронта для зняволення ў Смаленскую катаржную турму для строгай ізаляцыі, без права вываду на знешнія работы».

Аднак чэкісты з пераводам у Смаленск не спяшаліся, допыты працягваліся. Нарэшце Фальскага падрыхтавалі да этапу. Тое, што здарылася потым, пакуль не мае тлумачэнняў. Фальскі ўскрыў шклом вены на левай назе. Што гэта было? Спроба самагубства ва ўмовах штодзённага ціску ці выпадковая траўма? Перавод у Смаленск часова быў адменены. Вязень страціў шмат крыві.

Як сведчыць заключэнне загадчыка хірургічнага аддзялення Губернскай савецкай бальніцы знакамітага доктара Яўгена Клумава, рана пагражала калецтвам. Жонка Фальскага — Кацярына Чачаноўская (Фальская) — звярнулася да старшыні Савета народных камісараў Беларусі Аляксандра Чарвякова. Жанчына прасіла кіраўніка ўрада, які, безумоўна, ведаў асабіста яе мужа, не аб вызваленні, а толькі аб пераводзе з турмы ў канцлагер, дзе, яна лічыла, муж зможа залячыць нагу. Хутчэй за ўсе, на ліст Чарвякоў не адказаў. У пераводзе ў гарадскі шпіталь і аперацыі, якую меўся зрабіць Клумаў, Фальскаму было адмоўлена. 11 студзеня 1922 ЧК накіравала Фальскага ў шпіталь ДОПРа для аперацыі. На што начальнік турмы з раздражненнем адказаў: «Прыняць не можам, паколькі няма хірургічнага аддзялення».

«Хадайніцтва адхіліць»

Турэмная перапіска Фальскага з кіраўніцтвам розных савецкіх устаноў сведчыць аб высілках вязня проста выжыць і вярнуцца да ўлюбёнай справы. Яму не ўдалося пазбегнуць Смаленскай катаржнай турмы, куды яго этапавалі ў маі 1922 г. Але намаганні сяброў і калег па мастацкім цэху (у той час людзі яшчэ не баяліся хадайнічаць за арыштаваных) далі плён. Пастанова аб датэрміновым вызваленні Фальскага падпісаная тагачаснай, так бы мовіць, зоркай Мінскага ЧК—ГПУ, вядучым следчым па ўсіх зеленадубскіх справах Афрыканам Пятровым. «1923 г. 30 мая. Разгледзеўшы справу №2505/арх. па абвінавачанні гр-н Тэраўскага У. В. і Фальскага У. С. за ўкрывальніцтва шпіёнкі Зайцавай (Марыя Зайцава — псеўданім Ганны Доўгерт — аўт.), захоўванне зброі і дачу лжывых паказанняў, асуджаных пастановай Калегіі былой ЧК Бел. ад 21 верасня 1921 г. да пазбаўлення волі тэрмінам на 5 гадоў, скарочанага па амністыі 1922 г. на адну траціну, пастанавілі: гр-н Тэраўскага і Фальскага, якія ўтрымліваюцца пад вартай у Смаленскім выспраўдоме, датэрмінова з-пад варты вызваліць».

Але вяртанне на радзіму было немагчымым. Нейкі час Фальскі заставаўся ў Смаленску, працаваў справаводам рабфака мясцовага ўніверсітэта. З 1925 жыў у Кіеве, займаў пасаду дырэктара драматычнага тэатра імя Занькавецкай (цяпер у Львове), ліставаўся з калегамі з Інстытута беларускай культуры. Неаднаразова ён хадайнічаў перад урадам Беларусі, каб дазволілі вярнуцца дамоў. Жорсткая рэзалюцыя «Хадайніцтва адхіліць» ад 26 студзеня 1926 — гэта апошняе вядомае нам дакументальнае сведчанне пра былога міністра і тэатральнага дзеяча. Як, дзе і калі скончыўся жыццёвы шлях Усевалада Фальскага, пакуль застаецца таямніцай.

Фальскі быў рэабілітаваны Вайсковай пракуратурай Рэспублікі Беларусь 6 жніўня 1996 года.

***

Ніна Стужынская гісторык, кандыдат гістарычных навук. Займаецца даследаваннем антысавецкага супраціву 1920-х і палітычных рэпрэсій у Беларусі. Аўтарка кнігі «Беларусь мяцежная: з гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву: 20-я гг. ХХ ст.».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0