11 мая ў Беларусь з двухдзённым візітам прыбыў прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў.
Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага прэзідэнта, па выніках перамоў Лукашэнка і Бердымухамедаў падпішуць сумесную заяву, накіраваную на «далейшае ўмацаванне ўзаемавыгаднага беларуска-туркменскага супрацоўніцтва».
Прэзідэнт Туркменістана пасадзіў дрэва на Алеі ганаровых гасцей каля Палаца Незалежнасці і ўзяў удзел у цырымоніі адкрыцця комплексу будынкаў пасольства Туркменістана ў Мінску.
Бердымухамедаў запрасіў беларускага калегу ўзяць удзел у міжнародным форуме па пытаннях развіцця транзітных транспартных калідораў, які пройдзе ў Туркменістане ў гэтым годзе.
Акрамя таго, туркменскі прэзідэнт спыніўся на эканамічным супрацоўніцтве дзвюх краін. Паводле яго слоў, будаўніцтва на тэрыторыі Туркменістана Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната прынясе Беларусі і Туркменістану «вельмі добрыя эканамічныя дывідэнды».
Бердымухамедаў «з задавальненнем адзначыў добрую працу міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве» і выказаў надзею, што Беларусь і Туркменістан знойдуць рэзервы для павелічэння ўзаемнага тавараабароту. Прэзідэнт Туркменістана таксама падзякаваў беларускаму боку «за падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў з ліку туркменскай моладзі ў беларускіх ВНУ», паведамляе афіцыйнае беларускае агенцтва БелТА.





