Супрацоўніцу рэсэпшна ў лонданскім офісе Ніколу Торп адправілі дадому без выплаты зарплаты за адмову надзець туфлі на абцасах.
Па словах 27-гадовай Торп, яна прыехала на часовую працу ў офіс аўдытарскай кампаніі PriceWaterhouseCoopers.
Там ёй паведамілі, што яна павінна насіць абцасы вышынёй ад двух да чатырох цаляў (ад пяці да 10 сантыметраў). Больш за тое, яе папрасілі схадзіць у краму і купіць туфлі на абцасе.
Торп патлумачыла, што ёй цяжка будзе цэлы дзень правесці ў абутку на абцасах. Яна ўдакладніла, ці патрабуе кампанія ад мужчын, якія працуюць на гэтай змене, таксама насіць абцасы.
Па словах Торп, прадстаўнік кампаніі ў адказ рассмяяўся. Пасля гэтага яе папрасілі пакінуць офіс, не заплаціўшы.
Патрабаванні да знешняга выгляду супрацоўнікаў вызначала кампанія Portico, якая займаецца знешнімі работнікам для PwC.
У інтэрв'ю Бі-бі-сі Торп заявіла, што фірма так і не змагла ёй растлумачыць, чаму без абцасаў яна не магла б справіцца са сваімі абавязкамі.
Пасля таго як яе выгналі з офіса, Торп апублікавала ў фэйсбуку пост, у якім паскардзілася на тое, што здарылася. Яе падтрымалі многія іншыя жанчыны, якія сутыкнуліся з падобнай сітуацыяй.
Тым не менш паводле брытанскіх законаў фірма мае права зацвярджаць дрэс-код, прычым ён можа адрознівацца для мужчын і жанчын. Цяпер Торп збірае подпісы пад петыцыяй за змяненне гэтага закона.
PwC паведаміла, што вядзе перамовы з Portico аб змене патрабаванняў да дрэс-коду. У кампаніі Portico растлумачылі, што яны маюць права ўсталёўваць патрабаванні да абутку супрацоўнікаў.





