«Калі рынак захоча, мы гатовыя адмовіцца ад ПЭТ-тары і выпускаць больш у шкле, бляшанцы і кегах», — заявіў 11 мая на прэс-канферэнцыі ў Мінску генеральны дырэктар ААТ «Лідскае піва» Аўдрыус Мікшыс.

Ён адзначыў, што прадпрыемства ўжо займае месца лідара па продажы піва ў шкляной бутэльцы — прыблізна 25% рынку. «Калі б грамадзяне краіны, спажыўцы галасавалі кашальком за шкло, то я быў бы рады. Але, на жаль, яны галасуюць за большы аб'ём. Мы амаль не выпускаем двухлітровы аб'ём у ПЭТ-бутэльцы. Акрамя гэтага, разліваем у кегі для кафэ і рэстаранаў, доля 6-7% у аб'ёме вытворчасці, мэта — 10-12%. Калі б дарасло да 20%, я б быў шчаслівы. Наша місія — навучаць культурнаму спажыванню піва — адбылася, гэта азначала б, людзі п'юць у барах падчас вячэры, абеду. І там не нап'ешся, як двухлітровай ПЭТ дома. Пакуль уход ад ПЭТ-упакоўкі не мяркуецца. Але мы гатовыя да зменаў, ёсць месца для новай лініі па бляшанцы. Рынак скажа — нам патрэбная бляшанка, мы гатовыя, скажа прыбраць ПЭТ — мы таксама гатовыя», — заявіў гендырэктар.

Паводле інфармацыі дырэктара па продажы Алены Аўдзеенкі, прадпрыемства ў студзені, як і ўсе вытворцы піва, знізіла вытворчасць, але нарасціла у лютым і сакавіку. «Запуск піва «Лiдскае Легенда» і рэбрэндынг піўнога брэнда паказваюць, што мы будзем расці дастаткова добрымі тэмпамі», — сказала яна. Згодна са звесткамі канцэрна «Белдзяржхарчпрам», рынак піва беларускіх вытворцаў за першы квартал вырас на 5%, але паводле даных агенцтва Niеlsen, якое аналізуе продаж у розніцы, падзенне рынку склала 4,8%. «Можна смела казаць, што спажыванне ўпала, і на фоне гэтага падзення тэмп росту ў сакавіку на 5% па нашым піве — добры паказчык», — адзначыла Аўдзеенка.

Сёлета, паведаміў Мікшыс, прадпрыемства адзначае 140-годдзе. У гонар юбілею прадпрыемства выпусціла абмежаваную партыю піва «Лідскае 140» паводле старадаўніх рэцэптаў у арыгінальнай бутэльцы. Абвешчаны таксама конкурс на стварэнне арыгінальнага арт-аб'екта «Ліда — сталіца піваварства» з прызамі ў 35 млн., 16,5 млн. і 11,5 млн. рублёў за першае, другое і трэцяе месца адпаведна. 3 верасня ў Лідзе адбудзецца другі піўны фестываль Lidbeer, на якім запланаванае выступленне гурту «БІ-2».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?