Сяргей Салаш

Барысаўскім апазыцыянэрам Сяргеем Салашам зацікавіўся мясцовы КДБ, падатковыя службы, а на ягоную кватэру быў накладзены часовы арышт, які дзейнічае па сёньняшні дзень.

Гэтымі днямі КДБ зрабіў запыт у аддзел кадраў барысаўскай дыстанцыі пуці Беларускай чыгункі з мэтаю высьветліць пэрыяд працы на гэтым прадпрыемстве старшыні мясцовай суполкі Партыі БНФ Сяргея Салаша. Ад 1996 да 1999 году палітык працаваў у Барысаўскай ДП апэратарам дэфэктаскапіі.

Заробкамі Салаша таксама зацікавіліся і падатковыя службы. 29 красавіка Аляксандар Лукашэнка, зьвяртаючы да Нацыянальнага сходу, даў загад старшыні КДК Зянону Ломацю «ўзмацніць падатковы кантроль за прыбыткамі прафэсійных апазыцыянэраў». А ўжо на наступны дзень падаткавікі патэлефанавалі Сяргею Салашу, намесьніку дырэктара ўкраінска-расейска-беларускага міжнароднага інфармацыйна-аналітычнага агенцтва «Эўрапейская хваля», з просьбай даць тлумачэньні па сваіх даходах аж за 2006 год.

У тым самым годзе на кватэру палітыка, а таксама на кватэру ягоных бацькоў была накладзеная часовая забарона на адасабленьне. Іншымі словамі, яны ня вольныя вырашаць лёс сваёй маёмасьці прадаваць, дарыць, то бок гэта той самы арышт. Забарона дзейнічае з канца 2006 году, але пра яе гаспадары даведаліся толькі на пачатку 2008 году, калі раптоўна памёр бацька Сяргея Аляксандар Салаш і ўзьнікла патрэба пераафармляць маёмасныя дакумэнты. Ніякай яснасьці з арыштам кватэр няма па сёньняшні дзень.

«Падазраю, што рыхтуецца вельмі вычварная спроба ціску на мяне і маю сям’ю. Арышт маёй уласнай кватэры і нават кватэры маіх бацькоў, а таксама раптоўная зацікаўленасьць падаткавікамі маімі даходамі гэтаму яскравае пацьверджаньне», – кажа С.Салаш.

Нагадаем, што летась пракуратура Барысаўскага раёну спрабавала завесьці супраць Салаша крымінальную справу за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, але абмежавалася пісьмовым папярэджаньнем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?