Індэкс цэн на тавары і паслугі ў красавіку 2016 года ў параўнанні з сакавіком вырас на 0,7%, са снежнем 2015 года — на 6,4%, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт.

Базавы індэкс спажывецкіх цэн, які выключае змяненне цэн на асобныя тавары і паслугі, што рэгулююцца адміністрацыйна або маюць сезонныя ваганні (напрыклад агародніна, садавіна), у красавіку вырас у параўнанні з сакавіком на 0,7%, са снежнем 2015 года — на 4,8%.

Цэны на харчовыя тавары ў красавіку ў параўнанні з сакавіком выраслі ў сярэднім на 0,8%, нехарчовыя тавары падаражэлі таксама на 0,8%, паслугі — на 0,5%. У адносінах да снежня 2015 года гэтыя паказчыкі выраслі на 5,1, 4,6 і 13% адпаведна.

Прагноз інфляцыі на 2016 год складае не больш за 12%. Прэзентуючы 5 красавіка ў парламенце праграму дзейнасці ўрада на пяць гадоў, прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў заявіў: існуюць «магчымасці для таго, каб параметры інфляцыі за 2016 год ўпісаліся ў 12-працэнтны рубеж».

«Вядома, калі не паднясуць сюрпрызы знешнія фактары — не будзе катаклізмаў з коштам нафты, курсам расійскага рубля, з вымушанай дэвальвацыяй беларускага рубля, каб забяспечыць канкурэнтаздольнасць нашых тавараў, перш за ўсё на расійскім рынку. Гэта запатрабуе карэкцыі. Але цяпер мы не бачым неабходнасці штосьці мяняць у нашых планах па гэтым параметры», — заявіў прэм'ер.

Кабякоў таксама паведаміў, што ўрад паводле даручэння прэзідэнта ўдакладняе функцыі Міністэрства гандлю. «Будзе не проста Міністэрства гандлю, а міністэрства антыманапольнага рэгулявання і развіцця канкурэнцыі. Вельмі ўважліва будуць прасочвацца гэтым ведамствам пытанні правільнасці выканання патрабаванняў канкурэнцыі, каб не было дамінавання на тых ці іншых таварных рынках у тых ці іншых рэгіёнах краіны», — адзначыў ён.

Блізу 2020 года ўрад плануе знізіць інфляцыю да 5%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?