Традыцыйныя народныя і сучасныя лялечныя пастаноўкі прадэманструюць удзельнікі фестывалю «Чароўны свет батлейкі», які пройдзе 15 мая ў сядзібе Залессе Смаргонскага раёна на радзіме знакамітага кампазітара Міхала Агінскага. Пра гэтапаведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Смаргонскага райвыканкама.

Чакаецца, што ў фестывалі прымуць удзел каля дзясятка калектываў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Гледачы ўбачаць не толькі традыцыйныя для беларускай батлейкі пастаноўкі, такія як «Салдат і чорт», але і сучасныя інтэрпрэтацыі. Адзін з калектываў прадставіць батлейку ў выглядзе сядзібы Залессе, мінскі тэатр прывязе пастаноўку паводле матываў «Маленькага прынца» Антуана дэ Сент-Экзюперы.

На фестывалі выберуць лепшыя калектывы сярод прафесіяналаў і аматараў. Уваход для гасцей будзе вольным, пры гэтым арганізатары папярэджваюць, што колькасць месцаў невялікая, паколькі першапачаткова батлейка разлічаная на невялікую аўдыторыю — сям'ю або групу людзей на кірмашы.

«Упершыню мы правялі такі фестываль у мінулым годзе. Спадзяёмся, ён стане традыцыйным, як калісьці батлейка стала нашай нацыянальнай традыцыяй», — адзначылі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Паводле слоў спецыялістаў, мясцовыя калектывы не толькі адрадзілі традыцыю сямейных і кірмашовых тэатраў, але і далі ім другое жыццё, развіваюць гэты напрамак у сучасным рэчышчы. Іх пастаноўкі ўключаны ў турыстычныя маршруты на тэрыторыі раёна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?