Нацыянальны банк Беларусі растлумачыў асаблівасці ўстанаўлення абменных курсаў валют пасля дэнамінацыі. Адпаведны ліст камерцыйным банкам «Аб устанаўленні абменных курсаў для ажыццяўлення валютна-абменных аперацый з удзелам фізічных асоб з 1 ліпеня 2016 года» размешчаны на сайце Нацбанка.

Інфармацыя аб абменных курсах, якiя ўстанаўлiваюцца для правядзення валютна-абменных аперацый з удзелам фізічных асоб, павінна будзе размяшчацца на сайтах банкаў у інтэрнэце, стэндах абменных пунктаў, кас і паказвацца ў грашовых знаках ўзору 2000 года і ўзору 2009 года. Стэнды павінны знаходзіцца ў даступным для агляду месцы.

Калі ў банка няма магчымасці пераабсталяваць спецыяльнае электроннае табло, на ім могуць паказвацца абменныя курсы валют толькі ў грашзнаках узору 2009 года.

Нацбанк рэкамендаваў банкам усталёўваць абменныя курсы пакупкі і продажу замежнай валюты за беларускія рублі ў грашовых знаках узору 2009 года да чатырох знакаў пасля коскі (напрыклад, курс куплі 1 даляра ЗША — 1,9400, курс куплі 100 расійскіх рублёў — 2,9340).

У чэку, што выдаецца фізічнай асобе, сума беларускіх рублёў, абменны курс пакупкі і продажу замежнай валюты за беларускія рублі, а таксама сума ўзнагароджання за паслугі банка паказваюцца ў грашовых знаках узору 2009 года. Гэтая інфармацыя па пажаданні банка можа быць адлюстраваная і ў грашовых знаках узору 2000 года ў полі для даведачнай або рэкламнай інфармацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?