Кажуць, што пасьля прыходу саветаў у мястэчка N. дзеўкі перасталі нараджаць тоўстых дзяцей. Але гэта насамрэч ад таго, што дзеўкі цяпер сталі не такія, а саветы тут ні пры чым.

«Раней, да саветаў, калі возьмеш дзеўку за нагу, яна гладкая і пахне квашанай капустай, — расказваў старызьнік Мікітка свайму сябру Лаўрэну Крацу. — Цяпер, каб дзеўка стала гладкай і пачала пахнуць, мала ўзяць яе за нагу, яшчэ некалькі разоў трэба пакруціць яе ў руках».

Сярод усёй лухты і хлусьні, якую звычайна распавядаюць жыхары мястэчка N., ёсьць легенда пра Чырвонага Краснаармейца. Гэты чалавек узьнік у мястэчку N. у адну з навальніц. У жыдоўскіх кварталах потым расказвалі, што ноччу на Мацьвея жахалі маланкі, і адна з маланак грала ў небе даўжэй за ўсіх. Такім чынам, сувязь паміж прыродным дзівам і Чырвоным Краснаармейцам прасочвалася мэтафізычная. З чырвонымі лямпасамі на галіфэ, у чырвоных пагонах і з чырвонай зоркай на фуражцы, Чырвоны Краснаармеец стаў зьяўляцца спачатку ў гарадзкім парку. Праз тыдзень яго бачылі ўжо і на Гандлёвай плошчы, і за мостам. А аднаго разу бачылі толькі ягоны бот, якога (у маёй мамы так кажуць)Чырвоны Краснаармеец паказваў з‑за дрэва.

Саветы прыехалі на трох машынах і цяпер аказалася, што саветы — гэта маленькія, палахлівыя мужчыны. Яны былі маленькімі, бо толькі маленькія людзі зьмяшчаліся ў іхныя машыны, а палахлівымі яны былі праз палякаў, што жылі ў лесе за рэчкай і пісалі ў мястэчка N. свае лісты на польскай мове. Саветы не разумелі чытаць па‑польску, і таму лісты палохалі іх і прымушалі думаць.

Саветы зачыніліся ў будынку школы, курылі там, а па начох выходзілі ў мястэчка павесіць праклямацыі. У першай праклямацыі адмянялася вайна, у другой праклямацыі адмяняліся паны, у трэцяй — жонкі. Калі скончыліся вакацыі і дзеці зазірнулі ў будынак школы, аказалася, што саветы — гэта ня толькі маленькія мужчыны, але таксама некалькі дзевак, кансэрвы і вельмі шмат фатаздымкаў. Калі на гэтыя фатаздымкі глядзелі людзі, на іх быў барадаты мужчына, а калі на фатаздымкі ніхто не глядзеў, на іх былі жанчыны перадам, задам і бокам.

Ідучы па дарозе, старызьнік Мікітка сказаў сам сабе, што цяпер яму ёсьць за што палюбіць саветы. Разам з Лаўрэнам Крацам яны прачыталі трэцюю праклямацыю і пайшлі ў дом пана Самуйлёнка, каб адмяніць ягоную жонку.

Сон панны Грузьнецкай Стэфаніі, дачкі пана Грузьнецкага Адама за адзін дзень да сыходу саветаў.

«Я сяджу на крэсьле і чытаю кнігу Аляксандра Дзюма. Па белым дзьмухаўцовым полі, высока падкідваючы капытамі, едзе шырокі амэтыставы конь. На ім сядзіць вусаты афіцэр царскай арміі з залатымі пагонамі і папіросай у руках. Ён пад’яжджае да мяне, каб папрасіць у мяне запалку падпаліць сваю папіросу. Высокае сіняе неба нахіляецца над ягонай галавой, і ён зазірае ў мае вочы. Болей мне ня бачна нічога, бо, растрывожаная яркімі водбліскамі палахлівага сонца з гульлівых залатых пагонаў, я заплюшчваю вочы і выцягваю насустрач вусны. У гэты момант да нас падыходзіць Чырвоны Краснаармеец. «Што, і ты пакурыць хочаш? — кажа ён мне. — На, пакуры».

Лічыцца, што таемна прагны да сьмерці доктар Рамуальд Цывіс памёр пасьля таго, як старызьнік Мікітка адвёз яго на могілкі і там задушыў вяроўкай. Аднак паколькі гэтага цяпер ніхто ня памятае, а чалавекам доктар Цывіс быў харошым, то не, насамрэч ён жывы. Цяпер доктар Цывіс, гэтая сьветла‑рудая карова, маці.

У суботу раніцай саветы павесілі на ўсіх высокіх будынках мястэчка чырвоныя сьцягі, сфатаграфавалі іх і паехалі на сваіх машынах у вялікі горад М. Яшчэ было чуваць, як едуць іх машыны, калі ў мястэчка N. прыскакалі дваццаць чатыры палякі на высокіх конях і пачалі абдымаць жыхароў мястэчка, дорачы ім каляндарыкі і жаўтавата‑белыя варшаўскія газэты. Палякі ня сталі забіраць тых людзей, на чыіх дамах віселі чырвоныя сьцягі, а проста скінулі палотнішчы на зямлю і садралі са слупоў другую і трэцюю праклямацыі. Гэта бачыў Чырвоны Краснаармеец і рэзаў нажом дошку.

Сон панны Грузьнецкай Стэфаніі, дачкі пана Грузьнецкага Адама праз адзін дзень ад сыходу саветаў.

«Высокі зеленаваты дуб. Пад дубам сяджу я. Чырвоны Краснаармеец падыходзіць да мяне і кажа, каб я распраналася, а іначай ён распранецца сам. І толькі я пачынаю распранацца, як па белым дзьмухаўцовым полі, высока падкідваючы капытамі, едзе шырокі амэтыставы конь, а на ім сядзіць вусаты афіцэр польскай арміі з жоўтымі пагонамі і пісталетам у руках. «Не чапай гэтую дзеву», — кажа ён Чырвонаму Краснаармейцу, і страляе зь пісталета тры разы».

Увечары шаноўныя паны і пані мястэчка сабраліся ў будынку таварыства ўзаемадапамогі граць на акардэоне і патэфоне мазурскія песьні і размаўляць па‑польску. Каб усіх разьвесяліць, пан Станіслаў Д. расказаў легенду пра сцульлівага парашутыста, кожны палёт якога месьцічы заўсёды блыталі з дажджыстым надвор’ем.

Душачы на могілках адной рукой старызьніка Мікітку, а другой рукой Лаўрэна Краца, пан Самуйлёнак, каб заняць час, расказваў, што ім будзе на тым сьвеце за адмену ягонай жонкі. Спачатку іх пасадзяць у кацёл. «А які гэта будзе кацёл — вось такі?» — паказаў рукамі і спытаў старызьнік Мікітка шэптам, бо яго цяпер душыў пан Самуйлёнак. «Не, вось такі», — паказаў пан Самуйлёнак. Старызьнік Мікітка і Лаўрэн Крац пабеглі.

Пан Самуйлёнак амаль не дагнаў старызьніка Мікітку, як раптам, прабягаючы паўз дрэва, старызьнік Мікітка паваліўся, і пан Самуйлёнак яго дагнаў. Калі б ён потым ня быў заняты, ён бы пабачыў Чырвонага Краснаармейца, а дакладней, ягоны бот, якога Чырвоны Краснаармеец паказваў з‑за дрэва.

Каб разьвесяліць паноў і пані мястэчка на вечарыне ў будынку таварыства ўзаемадапамогі, пан Станіслаў Д. прачытаў любімы верш доктара Рамуальда Цывіса:

    Поле пахне кветкамі.
    Какаю таблеткамі.

Пан Самуйлёнак амаль не дагнаў Лаўрэна Краца, як раптам, прабягаючы па дарозе, Лаўрэн Крац паваліўся, і пан Самуйлёнак яго дагнаў. Калі б ён ня быў потым заняты, ён бы пабачыў чырвоную анучу, якая толькі ў мінулую суботу вісела на адным з самых высокіх дамоў мястэчка N.

Зьбіраючыся на вечарыну ў будынак таварыства ўзаемадапамогі, пані Грузьнецкая Стэфанія, дачка пана Грузьнецкага Адама, намазала рукі і шчокі, паліла плечы араматычнай вадой, завязала на валасах сінюю стужку і ўзяла ў рукі кнігу Аляксандра Дзюма. Стомленая прыгатаваньнямі, яна прысела на краёчак канапы, разгарнула старонкі і заплакала. Ёй было сорак восем гадоў.

У наступную суботу палякі павесілі на самых высокіх дамах мястэчка польскія сьцягі, сфатаграфавалі іх і паехалі за рэчку, страляць у лесе. Яшчэ было чуваць капыты іх коней, як у мястэчка прыехалі саветы зь пісталетамі, вінтоўкамі і шашкамі на чатырох машынах. Усіх людзей, у каго на дамах раней віселі чырвоныя сьцягі, а цяпер не віселі, а валяліся на дарозе, яны расстралялі. Усіх людзей, у каго на доме вісеў польскі сьцяг, яны пасеклі шашкамі. Але ня трэба засмучацца чытачу праз такі сумны фінал нашай гісторыі. Калі гэтае апавяданьне ніхто не чытае, у ім напісана, што саветы не прыехалі ніколі.

Ідучы па дарозе, доктар Цывіс заўважыў, што нейкая ануча, колер якой ён ня змог зразумець, бо каровы ня бачаць чырвонага колеру, калі на яго глядзяць, заблыталася ў ягоных нагах. «Як шмат, як шмат я не пасьпеў зрабіць», — падумаў доктар Цывіс, зручна стаў над анучай і падняў хвост.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0