* * *
Учора ці пазаўчора —
ня памятаю ўжо калі —
мне здаўся халодным мой горад.
Я ўзяў — і яго спаліў.
У гурбах ягонага попелу
цяпер мне ўтульна й цёпла.
* * *
Калі было мне тры гады —
я браў з налёту гарады.
А з тых часоў, як пасталеў,
ніяк не заваюю хлеў.
ЦЯЖКІ ВЫПАДАК
Аднойчы мне здалося,
што ад мяне нічога не засталося.
І не было ў каго запытацца:
«А што ж ад мяне павінна застацца?»
* * *
Думаў: зараз прыляціць натхненьне,
а яно прыпёрлася на мыліцах.
Атрымаць хацеў задавальненьне,
а задавальненьня не атрымліваецца.
* * *
Ёсьць людзі блізкія,
а ёсьць і проста недалёкія.
Але найгорш —
калі два ў адным.
* * *
Я працягнуў руку дапамогі,
а мне ў адказ працягнулі ногі.
* * *
Запусьцілі мы ракету.
Быў Сусьвет — няма Сусьвету…
ЧАМУ Я ВЭГЕТАРЫЯНЕЦ
Я С А М
М Я С А
МАНАВЕРШ
Рэчаіснасьцю тут і ня пахне…
■
Вера Бурлак і Віктар Жыбуль падчас прэзэнтацыі кніжкі «Забі ў сабе Сакрата!» і выдавецтва «Галіяфы» 29 красавіка ў Доме літаратара. Фота Андрэя Лянкевіча |
Дыскарня «Наша Ніва». Джэці. Phantom of the literature | |
Вера «Джэці» Бурлак — дэклямацыя Дзьмітры Дзьмітрыеў — ідэя, рэжысура, падбор музычнага суправаджэньня, мантаж Ягор Маёрчык — запіс Натальля Паваляева — дызайн |
ЛЕТАПІСНАЕ
Я чакаю. Мяне папярэдзілі.
Я цалую знутры тваю скронь.
Ты навокал мяне, я ў сярэдзіне.
Я — зьмяя ў тваім чэрапе, конь.
* * *
Яна ведала, чым усё скончыцца.
Рамантычныя казачнікі пішуць ману.
Яна памылася, апранулася, заплюшчыла вочы
І паклалася ў труну.
І прыйшоў Голад. І прыйшла Смага.
Захацелася «Прымы». Захацелася каньяку.
І прыйшлі дзеці: «Ма, табе блага?»
А муж усьміхнуўся і паціснуў руку.
У яго за сьпінай даўно былі крылы,
З нагавіцы раз‑пораз вызіраў белы край…
І яны жылі яшчэ доўга і міла,
І ён штоночы вадзіў яе ў рай.
* * *
Навошта мне маё жыцьцё бяз Слова,
Калі Яно і ёсьць маё жыцьцё?
Вазьмі жыцьцё. Пакінь мне толькі Слова.
Яго я буду мёртвая казаць.
* * *
Яны ад’яжджалі па альфабэце
І па годзе нараджэньня.
Гэтыя пасьлядоўнасьці супадалі.
Апошнім зьехаў самы малодшы на «я».
■
Новая паэтычная кніга Віктара Жыбуля і Веры Бурлак завецца «Забі ў сабе Сакрата!». Вершы, надрукаваныя тут, — зь яе. |