Анатоль Сідарэвіч

Жывучы ў пастаяннай трывозе за свой статус і дабрабыт, беларускія чыноўнікі ня хочуць, каб гэтак жа пагана пачуваліся і іхныя дзеці, а таму ўсімі праўдамі і няпраўдамі спрыяюць іх выезду за межы «зоны». Піша Анатоль Сідарэвіч.

Сяды‑тады я заходжу ў гэтую ўстанову паабедаць. На гэты раз маім суседам за сталом быў дзядзька гадоў за пяцьдзясят. Я не цягнуў яго за язык. Ён пачаў першы. Спытаўся, ці на пэнсіі я, і, пачуўшы адмоўны адказ, дзядзька пахваліўся: «А я на пэнсіі». І дадаў: «Мне палажылі пяцьсот». «Пяцьсот тысяч рублёў?» — спытаўся я. «Не, — сказаў дзядзька, — пяцьсот даляраў». Прыкінуўшы, колькі ж гэта будзе на беларускія рублі, я спытаўся: «Добрыя заробкі мелі?» Дзядзька зноў спаважна адказаў: «Я палкоўнік ДАІ ў адстаўцы». Далей ён пахваліўся, што служыць цяпер у адной фірме і там мае неблагі заробак. «Жыць можна», — рэзюмаваў дзядзька. Аднак ня гэтыя словы былі апошнімі. Зусім нечакана для мяне прагучала, што ягоная дачка, дачка палкоўніка ДАІ ў адстаўцы, чалавека, цалкам ляяльнага да ўраду, чалавека, які да 500‑даляравай пэнсіі мае немалы заробак ды яшчэ прывілеі (паліклініка і шпіталь Міністэрства ўнутраных справаў, санаторыя і г. д.), што дачка гэтага чалавека жыве не ў Беларусі, а ў Нямеччыне і што яна там мае сталае жыхарства, што добра ўладкавалася і жыве так, як у Беларусі ёй не жылося б, бо тутака яна зарабляла б найбольш якіх 600—700 тысяч, а тамака мае значна больш.

Мяне ледзь не прарвала: якога ж чорта ты бароніш гэты рэжым і гэтыя парадкі, а сам сваіх дзяцей выпраўляеш на Захад? Калі табе так падабаюцца гэты лад і гэтыя парадкі, трымай і сваіх дзетак тут.

Мяне ўсё ж не прарвала. Я моўчкі даслухаў выхваляньне адстаўнога палкоўніка ДАІ і, зьеўшы свой абед, падаўся з гэтае ўстановы. На сьвежым паветры я падумаў: усё правільна, так і павінна быць. Ты ж сам пісаў адразу пасьля першых (і справядлівых) прэзыдэнцкіх выбараў, што Беларусь ператвараецца ў паліцэйскую дзяржаву. На тваіх вачах краіна, чым далей тым больш, ператваралася ў «зону», дзе ёсьць начальнік, яго намесьнік па гаспадарчай частцы, свой унутраны суд, культурна‑выхаваўчая частка, наглядчыкі, опэрупаўнаважаны, сексоты, стукачы і ахова. Усе гэтыя намесьнікі, судзьдзі, наглядчыкі як могуць абмяжоўваюць кантакты «зоны» з вонкавым сьветам, ахоўваюць і спрабуюць апраўдаць усталяваны ў «зоне» парадак. Усе яны лічацца свабоднымі, але жывуць у сталым маральна‑псыхалягічным дыскамфорце, бо выдатна ведаюць, што ў кожны момант кожны зь іх можа стаць зэкам.

Жывучы ў пастаяннай трывозе за свой статус і дабрабыт, гэтыя культуртрэгеры, выхавацелі, наглядчыкі і сексоты ня хочуць, каб гэтак жа пагана пачуваліся і іхныя дзеці, а таму ўсімі праўдамі і няпраўдамі спрыяюць іх выезду за межы «зоны». Каб адцягнуць увагу ад экспарту ўласных дзяцей, ахоўнікі парадку вяшчаюць насельнікам «зоны», што гэта апазыцыя ўладкоўвае сваіх дзетак на праклятым Захадзе. Я і сам ведаю такіх апазыцыянэраў і «апазыцыянэраў», якія ня толькі сваіх дзяцей туды адправілі, але й самі паехалі на тамтэйшыя смачныя булкі. Але Вінцук Вячорка і ягоныя дзеці тут. Лявон Баршчэўскі і ягоныя дзеці тут. Анатоль Лябедзька і ягоны сын тут. Сяргей Калякін і ягоныя дзеці тут. Аляксандар Казулін і ягоныя дочкі тут. Анатоль Ляўковіч тут. Большы Ляўковічаў сын, дыплямаваны юрыст, ня можа знайсьці працы, бо мае кепскае прозьвішча. Праз гэтае прозьвішча меншы сын мусіў ехаць на вучобу на левы бераг Бугу. Так і езьдзіць то зь Берасьця ў Варшаву, то з Варшавы ў Берасьце. Ці атрымае тут права на працу — пытаньне.

Гэтае пытаньне, пытаньне пра тое, з чаго жыць, трэба думаць, не стаіць перад сынам міністра замежных справаў Сяргея Мартынава, які (сын) няблага ўладкаваўся ў Літве. Голас сына былога міністра, цяперашняга рэктара Беларускага эканамічнага ўнівэрсытэту Шымава мы маем шчасьце ледзь ня кожны дзень чуць на расейскай службе радыё «Свабода».

Імя такім экспартэрам, як Мартынаў і Шымаў, — легіён. Гарантаваўшы дзецям дабрабыт, яны расьпісаліся ў тым, якую сыстэму лічаць больш эфэктыўнай — беларускую ці эўрапейскую.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?