Прэзідэнт Мадура ўвёў надзвычайнае становішча тэрмінам на 60 дзён, надзяліўшы салдат і паліцыю шырокімі паўнамоцтвамі ў сітуацыі, калі эканамічны крызіс абвастраецца з кожным днём. Па словах Капрылеса, гэты ўказ даў прэзідэнту неканстытуцыйныя паўнамоцтвы.
Лідар апазіцыі заклікаў жыхароў Венесуэлы ігнараваць прэзідэнцкі ўказ і выйсці ў сераду на вуліцы.
«Мы, венесуэльцы, не будзем прызнаваць гэты ўказ. Ён раўнасільны таму, што Мадура ставіць сябе вышэй за канстытуцыю, — сказаў журналістам Капрылес. — Калі ён хоча ажыццявіць свой указ, яму адразу ж трэба рыхтавацца да разгортвання танкаў і вайсковых самалётаў».
«І я кажу узброеным сілам: настае момант ісціны, вы павінны вырашыць, з кім вы — з канстытуцыяй або з Мадурам», — сказаў лідар апазіцыі.
Капрылес заявіў таксама, што апазіцыя не заклікае да вайсковага перавароту, а выступае за тое, каб Мадура сышоў у выніку законнага і канстытуцыйнага працэсу - рэферэндуму па яго адстаўцы.
Праз некалькі гадзін пасля прэс-канферэнцыі Капрылеса прэзідэнт Мадура правёў брыфінг для замежных журналістаў.
Ён сказаў, што апазіцыя прапусціла крайні тэрмін для правядзення рэферэндуму і падала сфальсіфікаваныя подпісы.
Два тыдні таму апазіцыйныя палітыкі перадалі ўладам петыцыю, якую падпісалі 1,85 мільёна чалавек, што значна вышэй за 1% ад агульнай колькасці зарэгістраваных выбаршчыкаў, неабходнага для правядзення ўсеагульнага галасавання.
У канстытуцыі гаворыцца, што рэферэндум, які вырашыць лёс прэзідэнта, адбудзецца толькі ў тым выпадку, калі другую петыцыю падпішуць прынамсі 20% выбаршчыкаў, ці амаль чатыры мільёны чалавек.
Але ўрад ужо ясна даў зразумець, што рэферэндуму не будзе.
Мадура абвінаваціў ЗША ў тым, што яны стаяць на чале «змовы» з мэтай ўвесці ў Венесуэлу замежныя ваенныя падраздзяленні і зрынуць прэзідэнта.
Ён заявіў замежным журналістам, што на працягу мінулага тыдня амерыканскі вайсковы самалёт двойчы ўрываўся ў паветраную прастору Венесуэлы без неабходнага дазволу.
Замежныя палітыкі і СМІ спрабуюць пасеяць хаос у Венесуэле, каб абгрунтаваць вайсквовае ўварванне, заявіў Мадура.
«Уся гэтая кампанія вядзецца цэнтралізавана. Існуе вось: Мадрыд, Маямі і Вашынгтон. Ёсць цэнтр, дзе ўсё плануецца, накіроўваецца, лабіруецца, прасоўваецца і фінансуецца. Гэты цэнтр знаходзіцца ў Вашынгтоне», - заявіў лідар Венесуэлы.
Ён паабяцаў даць адпор гэтай кампаніі і зрабіць усё, што ў яго сілах, каб «і далей перамагаць у барацьбе за унутраны мір».