Вірус Зіка гэтым летам можа распаўсюдзіцца на Еўропу, хоць імавернасць сур'ёзнай ўспышкі захворвання невысокая, заявіла Сусветная арганізацыя аховы здароўя.
Паводле дадзеных СААЗ, найбольшая небяспека распаўсюджвання віруса на ўзбярэжжы Чорнага мора ў Расіі і Грузіі, а таксама востраў Мадэйра.
Краіны, дзе ўзровень небяспекі ўспышкі ацэньваецца як умераны, — Францыя, Іспанія, Італія і Грэцыя. У Вялікабрытаніі рызыка распаўсюджвання віруса малая.
СААЗ заклікае ўлады краін знішчыць месцы размнажэння маскітаў і інфармаваць насельніцтва — асабліва цяжарных жанчын — пра негатыўныя наступствы захворвання.
Першапачаткова лічылася, што вірус Зіка, які прыводзіць да цяжкіх прыроджаных дэфектаў, перадаецца праз укусы адной з разнавіднасцяў маскітаў — Aedes aegypti, або камара жоўталіхаманкавага. Аднак пазней высветлілася, што працэс перадачы захворвання больш складаны.
Вірус Зіка небяспечны для будучых маці тым, што звязаны з сур'ёзнымі прыроджанымі парокамі развіцця, у тым ліку мікрацэфаліяй у нованароджаных дзяцей.
Паводле даследавання бразільскіх навукоўцаў, у агульнай колькасці ў раёнах, якія знаходзяцца пад пагрозай эпідэміі Зіка, пражываюць 2,2 мільярда чалавек.
СААЗ прызнала вірус глабальнай пагрозай. Вакцыны ад яго да гэтага часу няма.