Генадзь Бураўкін |
У нядзелю маладафронтаўцы наведалі ў шпіталі выдатнага беларускага паэта Генадзя Бураўкіна.
Нягледзячы на зробленую некалькі дзён таму апэрацыю на воку, Генадзь Бураўкін пачуваецца добра, бадзёра, сьмяецца з жартаў сябра Рыгора Барадуліна: «Зробяць апэрацыю – станеш празорцам, Генадзь».
У палаце на століку – незалежныя газэты, розныя літаратурныя выданьні, на ложку — радыёпрымач, па якім Генадзь Бураўкін штодзень слухае «Радыё Свабоду».
«Але ня ўсім гэта падабаецца, — хітра ўсьміхаецца спадар Генадзь, па-акцёрску распавядаючы пра палітычныя спрэчкі з працаўніцамі шпіталю.
Паэт пацікавіўся і дзейнасьцю Маладога фронту, пажадаў маладзёнам плённай працы і невычарпальнай энэргіі для ажыцьцяўленьня ўсіх намераў і мар.
«Галоўнае, каб у вас былі сілы, — сумна заўважыў Генадзь Бураўкін. —У мяне творчых задумаў яшчэ вельмі шмат, а вось сіл, на жаль, ужо не хапае».
«Ці хутка ж будзе перамога? — падчас размовы ўздыхае спадар Генадзь. — Хачу яшчэ засьпець, хоць крышку пабачыць перамены».