Брытанец стаў жывым доказам таго, што фантастычныя сюжэты фільмаў і кампутарных гульняў могуць увасабляцца ў рэальнасці. Як піша TJournal са спасылкай на The Daily Mail, Джэймс Янг страціў руку ў аварыі, але замест пратэза атрымаў біянічную руку.

dailymail.co.uk

dailymail.co.uk

Тэхналагічную руку, як у героя камп'ютарнай гульні, Джэймсу распрацаваў спецыяліст па спецэфектах. Важыць футурыстычны пратэз нямала — 4,7 кг.

Пасля няшчаснага выпадку ў 2012 годзе Джэймсу ампутавалі руку і частку нагі. Брытанец не губляў аптымізму і праз нейкі час вырашыў узяць удзел у эксперыментальнай праграме ад кампаніі Konami, якая займаецца распрацоўкай відэагульняў. Прадстаўнікі Konami як раз шукалі прыдатнага чалавека для стварэння біянічнага пратэза. Натхніліся стваральнікі навінкі камп'ютарнай гульнёй Metal Gear Solid V: The Phantom Pain. Таксама над вырабам пратэза працавала кампанія Open Bionics.

Брытанец стаў героем дакументальнага фільма BBC3, у якім паказаў, як працуе яго новая рука, і распавёў, што ў яе ўбудаваны гадзіннік, лазерная падсветка і USB-порт для зарадкі тэлефона, а на плячо мацуецца невялікі дрон. Біянічная канечнасць умее распазнаваць цягліцавыя сігналы з дапамогай датчыкаў, прымацаваных да скуры Янга, і працуе ад акумулятара.

Нягледзячы на ўсе перавагі біянічнай канечнасці, Янг не можа насіць яе пастаянна: руку даводзіцца здымаць у душы, на час сну, а таксама для таго, каб адпачыць ад яе вагі. Акрамя таго, руцэ перыядычна патрабуецца карэкціроўка налад, бо гэта прататып.

Па словах дырэктара Эдынбургскага цэнтра робататэхнікі, тэхналогія так хутка развіваецца, а кошт паўзе ўніз дзякуючы 3D-друку, што рабатызаваныя канечнасці могуць стаць шырока даступнымі ўжо на працягу бліжэйшых некалькіх гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0