ЗША дадуць Украіне дадатковую гуманітарную дапамогу для пацярпелых у выніку вайны на Данбасе на суму больш як $28 млн.

Пра гэта на брыфінгу ў пятніцу ў Кіеве паведаміла намеснік дырэктара Бюро Дзяржаўнага дэпартамента ЗША па справах народанасельніцтва, бежанцаў і міграцыі Нэнсі Джэксан, перадае Інтэрфакс-Украіна.

«Сёння мы вельмі рады паведаміць, што ЗША даюць дадатковыя больш за $28 млн гуманітарнай дапамогі Украіне. Такім чынам, агульная сума дапамогі будзе больш за $112 млн з пачатку гэтага крызісу. Гэта дапаможа сотням тысяч людзей, якія пацярпелі», — сказала яна.

Джэксан адзначыла, што гэтая сума ўключае больш за $11 млн ад Дзярждэпа ЗША для падтрымкі дзейнасці міжнародных арганізацый, якія прадастаўляюць медыкаменты, прадукты харчавання і гігіены. «Гэта палепшыць доступ да паслуг аховы здароўя, дасць рэсурсы, каб адрэагаваць на гэты крызіс», — дадала Джэксан.

Намеснік дырэктара-распарадчыка Бюро па справах дэмакратыі, дазволу канфліктаў і гуманітарнай дапамогі Амерыканскага агенцтва па міжнародным развіцці (USAID) Роб Джэнкінс адзначыў, што $17 млн будуць выдзеленыя USAID. «Гэтыя грошы пойдуць у гарады і пасёлкі на ўсходзе Украіны, і тыя, якія знаходзяцца пад кантролем украінскай улады, і тыя, якія непадкантрольныя Украіне», — падкрэсліў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0