3 траўня беларускія памежнікі не дазволілі гродзенскаму журналісту Паўлу Мажэйку (прэс-сакратар былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча), выехаць з Беларусі ў Польшчу. Журналіст збіраўся ў Варшаву, каб узяць удзел у праграме польскага тэлеканалу TVP1 «Bialorus-Bialorus».

П. Мажэйка збіраўся выехаць цягніком «Гродна -- Кузніца Беластоцкая» у 14.50 і прыйшоў на вакзал за 40 хвілін да яго адпраўлення. (Пашпартны кантроль і мытны дагляд у Гродна пасажыры праходзяць у будынку вакзалу). Па словах журналіста, людзей з Гродна ехала зусім няшмат, і ў памежнікаў было дастаткова часу для таго, каб праверыць яго рэчы (1 сумка). Аднак праверка доўжылася больш за гадзіну: праверыўшы дакументы, ад П. Мажэйкі запатрабавалі задэклараваць усе рэчы, а потым пачалі складаць акт мытнага дагляду, увесь час кансультуючыся з некім па тэлефоне. Прыкладна праз гадзіну яму заявілі, што не могуць выпусціць за мяжу, «тым больш што і цягнік ужо пайшоў».

Журналіст не выключае, што гэта звязана з яго меркаваным ўдзелам у польскай тэлепраграме. Ён кажа, што будзе паўторна спрабаваць трапіць у Польшчу, бо ўсе патрэбныя для гэтага дакументы ў яго ёсць.

Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0