Прысутныя ўсклалі кветкі ды запалілі знічкі каля капліцы ды валуноў з шыльдамі ў гонар удзельнікаў паўстання 1863 года. Актывісты прыбраліся каля гэтых помнікаў, а таксама каля крыжа-помніка загінулым расійскім жаўнерам, які стаіць праз дарогу ад каплічкі ў гонар паўстанцаў.
Каля помніку ўзнялі бел-чырвона-белыя сцягі, што прыцягнула ўвагу праязджаючых аўто, кіроўцы некаторых з якіх спыняліся і распытваліся, што за свята адбываецца.
Акцыя адбылася без інцыдэнтаў, прадстаўнікі праваахоўных органаў у Мілавідах не прысутнічалі.
Пасьля прыбіраньня і прамоваў каля помніка паўстанцам актывісты зладзілі круглы стол на сядзібе ТБМ у Русіне.
Крыж у памяць пра палеглых расійскіх жаўнераў праз дарогу ад капліцы
Бітва пад Мілавідамі адбылася 22 мая 1863 года. Паўстанцы разбілі рэгулярнае расійскае войска, якое мусіла адступіць з поля бою.
Штогод 22 мая актывісты з Баранавічаў, іншых мясцінаў прыбіраюць каля помнікаў у Мілавідах. У 2013 годзе, на 150-я угодкі бітвы там зладзілі нават «Мілавідскі фэст», які быў разагнаны міліцыяй.

