Аператар сувязі velcom упершыню ў Беларусі арганізаваў збор старых выкарыстаных тэлефонаў і планшэтаў.

Як паведамляе прэс-служба кампаніі, velcom усталюе ў сваіх фірмовых цэнтрах продажу і абслугоўвання кантэйнеры па зборы старых выкарыстаных тэлефонаў і планшэтаў. Кожны зможа здаць адпрацаванае абсталяванне і тым самым зробіць свой унёсак у ахову навакольнага асяроддзя.

Спецыяльныя кантэйнеры з'явяцца ў офісах velcom ўжо 23 мая.

Здаць тэлефоны і планшэты на ўтылізацыю можна бясплатна — досыць пакласці іх у гэтую ёмістасць.

Па меры запаўнення кантэйнераў адпрацаванае абсталяванне будуць перадаваць арганізацыі па перапрацоўцы адходаў электрычнай і электроннай тэхнікі — ААТ «БелВТІ». Velcom прасочыць, каб мабільныя прылады ўтылізавалі з улікам экалагічных інтарэсаў.

Кантэйнеры для старых і няспраўных дэвайсаў будуць устаноўленыя ў шэрагу фірмовых крам velcom, пры гэтым здаць іх ва ўтылізацыю можна ва ўсіх цэнтрах продажу і абслугоўвання.

«Праблема ўтылізацыі тэлефонаў і планшэтаў зараз надзвычай актуальная ва ўсім свеце, — адзначаецца ў паведамленні velcom. — У жыхароў Мінска і рэгіёнаў з'явілася магчымасць бясплатна ажыццявіць правільную ўтылізацыю тэлефона або планшэта і садзейнічаць ахове навакольнага асяроддзя». Пры выкарыстанні комплекснай сістэмы ўтылізацыі практычна мінімальныя рэшткі адходаў, што не перапрацоўваюцца, а асноўныя матэрыялы (пластык, металы і іншыя кампаненты) могуць быць вернутыя ў другасную вытворчасць. Гэта дазволіць знізіць шкоду экалогіі, зменшыць спажыванне матэрыялаў, скараціць выдзяленне парніковых газаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0