Ноччу 21 мая інспектары ДАІ Маларыцкага РАУС паспрабавалі спыніць «Опель Кадэт» на аўтадарозе Р-17 «Олтуш – Маларыта». Аднак кіроўца аўтамабіля не выканаў патрабаванні аб спыненні і пагнаў на высокай хуткасці ў кірунку Маларыты.

Інспектарамі было прынята рашэнне пра пераслед парушальніка. З уключанымі маячкамі і выкарыстаннем гукавой сігналізацыі, пачалася пагоня. На неаднаразовыя патрабаванні аб прыпынку кіроўца не рэагаваў і працягваў рух на высокай хуткасці, ствараючы пагрозу іншым удзельнікам дарожнага руху.

Кіроўца толькі павышаў хуткасць. Каб пазбегнуць больш сур'ёзных наступстваў, інспектарамі было прынята рашэнне аб выкарыстанні табельнай зброі. Кіроўцу папярэдзілі пра тое, што будзе выкарыстана зброя, пасля чаго былі зроблены два папераджальныя стрэлы ў паветра, а затым некалькі прыцэльных стрэлаў па колах.

У выніку, парушальнік быў затрыманы на 50-м кіламетры аўтадарогі Р-17 «Маларыта — Хаціслаў — Сушытніца».

Кіроўцам аказаўся 24-гадовы жыхар вёскі Нікольскае. Аўтамабіль з механічнымі пашкоджаннямі задняга левага кола, паліўнага бака і пярэдняга левага крыла, дастаўлены на штрафстаянку ў Маларыце. Пры пераследзе і выкарыстанні зброі ніхто не пацярпеў.

 Устаноўлена, што вадзіцель кіраваў транспартным сродкам знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення. У дачыненні да кіроўцы складзена 6 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях, паведамляе ДАІ Брэсцкага аблвыканкама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?