Папа Францішак правёў у Ватыкане сустрэчу з вярхоўным імамам ісламскага універсітэта Аль-Азхар, найвышэйшай духоўнай асобай Егіпта шэйхам Ахмедам ат-Таібам.

Сустрэча доўжылася каля 30 хвілін, Францішак і Ахмед ат-Таіб абмяняліся сімвалічнымі пацалункамі і абдымкамі. У Ватыкане назвалі сустрэчу «вельмі сардэчнай».

«Наша сустрэча — гэта пасланне», — сказаў папа Францішак на пачатку сустрэчы.

Размова папы рымскага і імама ісламскага універсітэта Аль-Азхар адбылася праз пяць гадоў пасля таго, як Аль-Азхар прыпыніў кантакты з Ватыканам у знак пратэсту супраць «антыісламскіх каментароў», якія, з пункту гледжання універсітэта, рабіў папярэднік Францішка — Бенедыкт XVI.

Рашэнне замарозіць дыялог было прынята пасля таго, як Бенедыкт XVI заявіў пра існаванне «стратэгіі гвалту, мэтай якой з'яўляюцца хрысціяне». Так ранейшы кіраўнік рымска-каталіцкай царквы пракаментаваў выбухі ля хрысціянскай царквы ў Александрыі ў 2011 годзе, ахвярамі якіх сталі 23 чалавекі.

Летась Францішак выступіў з заклікам спыніць «генацыд хрысціян» на Блізкім Усходзе, аднак падкрэсліў, што было б няправільным ставіць знак роўнасці паміж ісламам і гвалтам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?