Лідар ЛДПР РФ Уладзімір Жырыноўскі прапанаваў паказальна для Захаду нанесці ядзерны ўдар па краіне з насельніцтвам у 200 тысяч чалавек, каб Расію «не білі па мордзе і не абстрэльвалі Данбас».

sharij.net

Пра гэта ён сказаў напярэдадні позна ноччу ў эфіры палітычнага ток-шоу «Воскресный вечер» на прапагандысцкім тэлеканале «Расія-1».

«У Паўночным моры ёсць востраў, маленькая краіна — 200 тысяч насельніцтва. Бруселю сказаць: вось востраў, бачыце, а цяпер няма вострава, краіны. Вы што хочаце, каб нас білі па мордзе, каб Данбас абстрэльвалі?» — сказаў Жырыноўскі.

«Трэба паказаць, на што здольныя нашы ядзерныя сілы», — падкрэсліў ён.

Ён перакананы, што Захад пагадзіўся б на ўсё, калі б расійская армія падышла да Кіева.

«Наступаць трэба і біцца пад Бруселем, пад Варшавай, пад Прагай… Вы ўсё чакаеце, калі зноў абрынецца», — сказаў ён.

Жырыноўскі лічыць, што трэба рабіць жорсткія заявы, і ў якасці прыкладу прывёў выказванне расійскага цара Аляксандра ІІІ: «Усю казну — на вайну».

Паводле яго слоў, базы НАТА ўсё бліжэй да Расіі, і можа наступіць «22 чэрвеня».

Пры гэтым ён заявіў, што Захаду пастаянна патрэбныя вайна і канфлікт.

«Амерыка — гэта краіна, вось такі вырадак, яму абавязкова патрэбен канфлікт, яны прыйшлі з пісталетам на чужыя землі, усіх там перастралялі…, ім патрэбная пастаянная вайна і пастаяннае панаванне», — сцвярджае Жырыноўскі.

Пры гэтым ён заявіў, што «хворымі» былі Напалеон, Гітлер і савецкія камуністы, якія хацелі панавання: «Усе, хто кажа пра панаванне, пра тое, што мы самыя лепшыя — гэта нягоднікі, мярзотнікі, вар'яты».

«Мы лепш за ўсіх, але мы ім пагражаем, і яны гэтага не хочуць, яны хочуць, каб увесь свет быў як Афрыка, як Самалі», — сказаў пры гэтым Жырыноўскі.

Ён выказаў перакананне, што ЗША падкідваюць «вугалёк» у Сірыі, Еўропа «падпаліла» Украіну, а потым «падпаліць» Беларусь і Казахстан.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?