Сацыялягічная служба Gallup апублікавала вынікі свайго беларускага апытаньня. Большасьць апытаных ухваляе расейскае кіраўніцтва, але адносная большасьць таксама хоча добрых адносінаў з Эўропай.

Нядаўнія дыпляматычныя й эканамічныя крокі ўрадаў Злучаных Штатаў, Эўрасаюзу й Расеі ў дачыненьні да Беларусі напружылі адносіны паміж кожнай з гэтых дзяржаваў і былой савецкай рэспублікай. Дадзеныя апытаньня, праведзенага інстытуцыяй Gallup у 2007 годзе, паказваюць, што блізкія адносіны з Расеяй для беларусаў важнейшыя за блізкія стасункі з ЗША й Эўрасаюзам.

44 % беларусаў кажуць, што больш важна мець цесныя стасункі з Расеяй, нават калі б гэта магло пашкодзіць стасункам іхнай краіны з ЗША. Толькі 6 % беларусаў кажуць, што цясьнейшыя стасункі з ЗША важейшыя, і 36 % удзельнікаў апытаньня — што аднолькава важна мець блізкія стасункі з абедзьвюма краінамі.

Беларусы даражаць шчыльнымі сувязямі з Расеяй, але адносіны паміж гэтымі дзьвюма краінамі зрабіліся напружанымі пасьля таго, як Расея падняла тарыфы на нафту, якая паступае ў Беларусь. Нягледзячы на гэта, як паказвае апытаньне Gallup ад чэрвеня 2007 году, большасьць беларусаў (51 %) пазытыўна ставіцца да расейскага кіраўніцтва, толькі кожны пяты (20 %) ставіцца нэгатыўна, і 2 9% ня маюць меркаваньня на гэты конт.

Нядаўнія падзеі таксама прывялі да крызісу ў дыпляматычных адносінах паміж Беларусьсю і ЗША. ЗША й Эўрасаюз наклалі візавыя абмежаваньні, а ЗША нядаўна ўвялі фінансавыя санкыі супраць беларускай нафтаперапрацоўкі, кантраляванай кіраўніцтвам краіны. Беларускі МЗС адказала высылкай амэрыканскага пасла і адкліканьнем свайго пасла.

Ужо ў ліпені 2007 году, калі Gallup праводзіў апытаньне ў краіне, ацэнка беларусамі амэрыканскага кіраўніцтва ўжо была вельмі нізкай. Толькі 11 % апытаных беларусаў ухваляюць амэрыканскае кіраўніцтва, у той час як 53 % не ўхваляюць, а 36% ня маюць меркаваньня.

Затое пра кіраўніцтва Эўрасаюзу беларусы лепшае думкі. Прыкладна адзін з чатырох беларусаў (27 %) кажа, што ўхваляе працу кіраўніцтва ЭС, у той час як 15 % кажуць, што не ўхваляюць кіраўніцтва ЭС і 58% ня маюць меркаваньня ў гэтым пытаньні.

Калі Gallup апытваў беларусаў, ці важна мець больш шчыльныя сувязі з Эўрасаюзам, нават калі б гэта магло пашкодзіць адносінам краіны з Расеяй, толькі 6 % рэспандэнтаў адказала, што падзяляе гэтае меркаваньне. Адна траціна рэспандэнтаў (33 %) кажа, што важней мець шчыльныя адносіны з Расеяй, і 37 % кажуць, што аднолькава важна мець шчыльныя стасункі з абедзьвюма сіламі.

Дадзеныя апытаньня Gallup паказваюць, што ў будучыні шчыльнейшыя сувязі з Расеяй, верагодна, будуць мець для Беларусі прыярытэт над паляпшэньнем стасункаў з ЗША ці ЭС.

Вынікі апытаньня заснаваныя на асабістых інтэрвію з 1114 дарослымі ва ўзросьце ад 15 гадоў, праведзеных у ліпені‑верасьні 2007 году ў Беларусі. Максымальны бар’ер статыстычнай памылкі складае ±3%.

Антон Тарас, паводле gallup.com

***

Ухваляеце вы, ці не, працу кіраўніцтва наступных краінаў?

Ухваляю, не ўхваляю, ня ведаю/адмовіліся

***

Некаторыя думаюць, што для Беларусі больш важна мець шчыльныя адносіны з ЗША, нават калі гэта можа пашкодзіць стасункам з Расеяй, у той час, як іншыя думаюць, што больш важна мець шчыльныя адносіны з Расеяй, нават калі гэта можа пашкодзіць стасункам з ЗША. А як вы лічыце асабіста?

Ня ведаю / Адмовіліся ад адказу 14%
Для Беларусі аднолькава важна мець шчыльныя стасункі й з Расеяй, і з ЗША 36%
Для Беларусі больш важна мець шчыльныя стасункі з Расеяй, нават калі гэта можа пашкодзіць стасункам з ЗША 44%
Для Беларусі больш важна мець шчыльныя стасункі з ЗША, нават калі гэта можа пашкодзіць стасункам з Расеяй 6%

***

Некаторыя думаюць, што для Беларусі больш важна мець шчыльныя адносіны з Эўрасаюзам, нават калі гэта можа пашкодзіць стасункам з Расеяй; іншыя людзі думаюць, што для Беларусі больш важна мець шчыльныя адносіны з Расеяй, нават калі гэта можа пашкодзіць стасункам з Эўрасаюзам. Што з гэтага найбольш адпавядае вашым поглядам?

Ня ведаю / Адмовіліся 24%
Для Беларусі важна мець шчыльныя адносіны і з Расеяй, і з Эўрасаюзам 37%
Для Беларусі больш важна мець шчыльныя адносіны з Расеяй, нават калі гэта можа пашкодзіць адносінаам з Эўрасаюзам 33%
Для Беларусі больш важна мець шчыльныя стасункі з Эўрасаюзам, нават калі гэта можа пашкодзіць стасункам з Расеяй 6%

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0