Выканкам фэдэрацыі баскетболу сёньня назваў імя новага галоўнага трэнэра нацыянальнай зборнай.

Ім стаў 53‑ох гадовы спэцыяліст Аляксандар Папкоў, які дагэтуль працаваў з моладзевай зборнай Беларусі, а таксама з клюбамі «Горадня‑93» і «Менск‑2006».

Пасьля леташняга правальнага выступу ў адборачнай групе ў дывізіёне «B», дзе нашы баскетбалісты не змаглі падвысіцца ў ранзе, саступіўшы адзіную пуцёўку Вялікабрытаніі, пасаду галоўнага трэнэра пакінуў Аляксандар Барысаў. Жадаючых заняць ягонае месца не знайшлося. Фэдэрацыя была вымушана аб’явіць конкурс для прэтэндэнтаў, якія самі падавалі свае заяўкі і рэзюмэ. Конкурс доўжыўся больш за паўгады.

У выніку кола кандыдатаў звузілася да чатырох чалавек — італьянца Андрэа Магелі, літоўца Жыдрунаса Жвінкліса, а таксама мясцовых спэцыялістаў Руслана Байдакова і Аляксандра Папкова. Найбольш верагодным выглядаў легіянэрскі варыянт. Асабліва хацеў сябе паспрабаваць у новай ролі амбіцыйны малады італьянец Магелі. Аднак кіраўніцтва фэдэрацыі спынілася на варыянце з Папковым. Частка айчынных заяўзятараў мяркуе, што варыянт з Папковым папросту мог быць самым танным.

Сёлета зборная Беларусі зробіць чарговую спробу, каб патрапіць у дывізіён «А». Яе супернікамі будуць каманды Румыніі, Швайцарыі, Альбаніі і Кіпру.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0