Да парламенцкіх выбараў будзе выпрацаваны шэраг крытэрыяў, пры адпаведнасці якім дзяржава будзе падтрымліваць кандыдатаў у дэпутаты незалежна ад іх палітычных поглядаў і пераваг, заявіў Аляксандр Лукашэнка 24 мая на нарадзе, прысвечанай падрыхтоўцы выбараў у Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу шостага склікання.

Паводле слоў Лукашэнкі, будуць выпрацаваныя прыкладна 10 крытэрыяў. У прыватнасці патэнцыйныя дэпутаты павінны прытрымлівацца прынцыпаў незалежнасці дзяржавы. «Ніхто не стане аспрэчваць, што адным з крытэрыяў будучага кандыдата ў парламент павінна быць пытанне незалежнасці нашай дзяржавы», — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Акрамя таго, кандыдаты ў дэпутаты павінны выступаць за забеспячэння дабрабыту насельніцтва «без правядзення незразумелых радыкальных шокавых рэформаў». «Трэба на такіх кандыдатаў рабіць стаўку. Калі ім будзе патрэбная падтрымка — значыць, трэба іх падтрымаць. Усё роўна, якім палітычным плыням яны будуць належаць. Галоўнае — каб гэта былі сумленныя і прыстойныя людзі», — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён чарговым разам запатрабаваў правесці парламенцкую кампанію «арганізавана і спакойна», а таксама выказаў свой пункт гледжання на асвятленне выбараў СМІ, які заключаецца ў тым, што «сакрэтаў ніякіх ні ад каго быць не павінна». Паводле слоў Лукашэнкі, неабходна, каб у СМІ гучала больш інфармацыі пра тое, што зроблена ў Беларусі ў плане выканання міжнародных рэкамендацый па выбарах, укаранення прынятых у свеце дэмакратычных стандартаў.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што «заканадаўства Беларусі адпавядае міжнародным прынцыпам, улічвае правілы, традыцыі правядзення выбараў, якія склаліся ў краіне». «Мы ўспрымаем гэта як належнае і, адпаведна, маўчым часам. Аднак сціпласці тут быць не павінна, пра гэта трэба гаварыць», — лічыць Лукашэнка.

Прэс-служба нагадвае, што дата парламенцкіх выбараў павінна быць аб'яўленая не пазней за 10 чэрвеня, і «адпаведныя рашэнні будуць прынятыя ў тэрмін».

Нагадаем, раней Лукашэнка пагадзіўся з прапановай кіраўніка ЦВК Лідзіі Ярмошынай правесці выбары 11 верасня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?