У суд Цэнтральнага раёна Мінска паступіла крымінальная справа ў дачыненні да трох фігурантаў крымінальнай справы, у тым ліку бацькі і сына Япрынцавых, якія абвінавачваюцца ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 4 арт. 209 КК (махлярства, здзейсненае арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры). Пра гэта паведаміла памочнік старшыні Мінскага гарадскога суда Анастасія Шыльвян.

Дата пачатку судовага разбору пакуль не вызначаная.

Пра завяршэнне следства па крымінальнай справе намесніка генеральнага дырэктара кампаніі «Трайпл» Уладзіміра Япрынцава і яго сына Казбека КДБ паведаміла ў сярэдзіне красавіка. Абодва абвінавачаныя знаходзяцца пад вартай у следчым ізалятары КДБ.

Інфармацыя пра затрыманне бацькі і сына Япрынцавых з'явілася ў жніўні мінулага года, але пацвердзілася толькі ў снежні. Вядома, што на момант арышту Япрынцаў-старэйшы быў кіраўніком федэрацый самба і дзюдо.

У сакавіку гэтага года кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык паведаміў, што з заявай аб супрацьпраўнай дзейнасці Уладзіміра Япрынцава ў ведамства летам мінулага года звярнуўся кіраўнік групы кампаній «Трайпл» Юрый Чыж і два яго расійскія партнёры.

У ходзе расследавання было выяўлена ўхіленне ад выплаты падаткаў у «Трайпле», да якога мае дачыненне сам Чыж. Непасрэдныя доказы гэтаму аказаліся ў распараджэнні КДБ 11 сакавіка. Цяпер бізнэсмен таксама ўтрымліваецца пад вартай у СІЗА КДБ па абвінавачванні ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?