Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў, што парламент краіны заблакуе пагадненне з Еўрасаюзам па вырашэнні міграцыйнага крызісу ў Еўропе, калі не будзе прасоўвання ў пытанні ўвядзення бязвізавага рэжыму з ЕС для турэцкіх грамадзян.

«Калі гэтага не адбудзецца, то парламент Турэцкай Рэспублікі не прыме ніякага рашэння і ніякага закона ў рамках пагаднення аб рэадмісіі», — заявіў ён на закрыцці Сусветнага гуманітарнага саміту ў Стамбуле.

Эрдаган таксама адзначыў, што сродкі, якія ўлады ЕС абяцалі накіраваць Анкары для ўладкавання лагераў бежанцаў, яшчэ не атрыманыя.

У сакавіку кіраўніцтва Еўрасаюза і Турцыі ўзгадніла прынцыпы рашэння міграцыйнага крызісу. У рамках угоды з 20 сакавіка ўсе нелегальныя мігранты, якія прыбываюць у Грэцыю, павінны высылацца назад у Турцыю.

Анкара пагадзілася прымаць мігрантаў у абмен на атрыманне фінансавай дапамогі ад ЕС і на ўвядзенне бязвізавага рэжыму для турэцкіх грамадзян.

У маі старшыня Еўрапейскай камісіі Жан-Клод Юнкер заявіў, што дамова пра бязвізавы рэжым можа сарвацца, калі Анкара не выканае ўсе ўзятыя на сябе абавязацельствы.

Як адзначалася, Турцыя павінна выканаць 72 патрабаванні, выстаўленыя ЕС, каб рашэнне аб увядзенні бязвізавага рэжыму было станоўчым.

Еўрапейская камісія раней заявіла, што большасць патрабаванняў выкананая, аднак Еўрапейскі парламент адмаўляецца галасаваць па гэтым пытанні да таго моманту, пакуль Анкара не выканае ўсе патрабаванні.

У прыватнасці, ЕС патрабуе ад Анкары прывесці сваё антытэрарыстычнае заканадаўства ў адпаведнасць з еўрапейскімі нормамі і звузіць вызначэнне такога паняцця як «тэрарызм».

У пачатку мая Эрдаган заявіў, што яго краіна не будзе мяняць антытэрарыстычныя законы ў абмен на бязвізавы рэжым з ЕС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?