Выданні, якія прапануюцца па нашай новай акцыі, яшчэ зусім нядаўна былі недаступнымі нашаму чытачу ні на рускай, ні на беларускай мовах. Публікацыі на падобныя тэмы ніколі не выходзілі ні ў Маскве, ні Санкт-Пецярбургу, не выйдуць яны найбліжэйшым часам у Мінску ці дзе-небудзь яшчэ ў Беларусі. 

Прычыны такога стану рэчаў ідэалагічныя: беларусам з самага верху было забаронена ведаць пра ключавыя аспекты сваёй нацыянальнай гісторыі. Да ліку такіх непажаданых тэмаў належалі:

— гісторыя беларуска-расійскіх ваенных канфліктаў, бо сама тэма як нішто іншае падрывала ідэалагічны догмат пра мірнае ўз’яднанне Беларусі з Расіяй і адвечнае братэрства беларускага і рускага народаў;

— вывучэнне беларускай этнічнай прасторы на ўсход ад цяперашняй беларуска-расійскай мяжы і наогул усходніх межаў Вялікага Княства Літоўскага ў XIV—XVI ст., калі яны сягалі Мажайска, Калугі і Цвяры, а ад Бранска да маскоўскага рубяжа была сотня кіламетраў. Пачынаючы з канца 1920-х гадоў у навуковых установах БССР існавала негалосная забарона на даследаванне мовы, гісторыі і культуры беларускага насельніцтва, чый арэал пражывання апынуўся па-за межамі савецкай Беларусі. Дэфакта гэтая забарона працягваецца і да сёння;

— каханне і сэкс у беларускай гісторыі. У афіцыйнай карціне свету беларусы паўставалі рахманымі асэксуальнымі працавітымі сялянамі, чые інтымныя адносіны зводзіліся да простага рэпрадукавання сабе падобных. Гісторыя складаных шлюбных рытуалаў і практык, цялеснасці, саміх інстытутаў сям’і і шлюбу, роўна як і спадарожных гэтаму з’яў сужэнскай здрады і разводу, да апошняга часу наогул ігнаравалася як даследчая праблема;

— структура палітычнай эліты Вялікага Княства Літоўскага, яе шлюбныя стратэгіі і сямейныя адносіны, этнічнае паходжанне і асноўныя землеўладанні на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Паколькі афіцыйна лічылася, што Вялікім Княствам Літоўскім кіравалі літоўскія феадалы, якія ўсяляк эксплуатавалі беларускі народ і здзекаваліся з яго, апісанні палітычнай эліты Вялікага Княства Літоўскага зводзіліся да набору прапагандысцкіх штампаў. Другая, менш істотная прычына ігнаравання тэмы палягала ў тым, што для яе раскрыцця трэба было працаваць у еўрапейскіх архівах з дакументамі на лацінскай і верхнянямецкай мовах, што беларускія даслечыкі дазволіць сабе не маглі.

Мы задумалі нашу новую акцыю, каб зняць арэол сакрэтнасці і загадкавасці з гэтых тэмаў. У рамках акцыі прапануюцца наступныя выданні:

Шлюбныя і пазашлюбныя стасункі шляхты Вялікага Княства Літоўскага ў XVI—XVIІ стст. / Наталля Сліж. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 672 с. 

Кніга прысвечана шлюбным і пазашлюбным адносінам шляхты Вялікага Княства Літоўскага ў XVI—XVIІ стст. Разгледжана ўнармаванне інстытута шлюбу ў заканадаўстве. Надаецца ўвага выкананню заканадаўчых нормаў у судовай практыцы і прыватна-прававых дакументах. Асобна прадстаўлена выпасажэнне шляхцянак і наданне ім вена. Даследаваны ўплыў праваслаўя, уніяцтва, каталіцызму і пратэстантызму на шлюбныя стасункі шляхты. Рэканструяваны шляхецкі абрад вяселля. Прадстаўленыя асаблівасці скасавання шлюбу ў свецкіх і духоўных судах. Кніга суправаджаецца дадаткамі і ілюстрацыямі. Поўны змест кнігі даступны ТУТ.

На ўсходняй мяжы Вялікага Княства Літоўскага (сярэдзіна XIV — першая палова XVI ст.) / В.М. Цемушаў; пераклад з рускай мовы Н. Бакшанская, М. Мартысевіч, С. Цемушаў. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 464 с. Цвёрдая вокладка.

Кніга ўяўляе з сябе тэматычны збор прац вядомага беларускага гісторыка, спецыяліста па гістарычнай геаграфіі, картографа Віктара Цемушава. Асобныя раздзелы кнігі ўпершыню ў айчыннай гістарыяграфіі дазваляюць прасачыць трансфармацыю ўсходняй мяжы Вялікага Княства Літоўскага на працягу XIV — першай паловы XVI ст. Вызначанне літоўска-маскоўскай мяжы разглядаецца на фоне развіцця адносін дзвюх найбуйнейшых дзяржаў Усходняй Еўропы: ад першых тэрытарыяльных кантактаў і канфліктаў другой паловы XIV ст. да ўсталявання трывалай мяжы і памежных войнаў XV — першай трэці XVI ст. Асобны раздзел прысвечаны лёсу Гомейскай воласці, якая на працягу доўгага часу займала памежнае становішча паміж ВКЛ і Вялікім Княствам Маскоўскім. У дадатку змешчаны працы аўтара па праблемах гістарыяграфіі, крыніцазнаўства і рэгіянальнай гісторыі, звязаныя з агульнай тэмай. Значную каштоўнасць кнізе надаюць гістарычныя карты (больш за 50 адзінак), шэраг з якіх надрукаваныя ўпершыню. Поўны змест кнігі даступны ТУТ.

Літоўская знаць у канцы XIV—XV ст.: Склад — структура — улада / Рымвідас Пятраўскас; пераклад з літоўскай мовы Алесь Мікус. — 2-е выд. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 386 с. 

Праца сучаснага літоўскага гісторыка Рымвідаса Пятраўскага — спроба сінтэзу персанальнай і сацыяльнай гісторыі. З аднаго боку, аўтар імкнецца вызначыць паходжанне літоўскай знаці і паказаць яе генеалагічнае развіццё, а з іншага боку спрабуе раскрыць структурны пералом унутры згаданай знаці, які адбыўся ў XV ст. Абедзве асноўныя праблемы разглядаюцца з улікам досведу еўрапейскай гістарыяграфіі. Пераклад зроблены паводле выдання: Petrauskas, Rimvydas. Lietuvos diduomenė XIV a. pabaigoje — XV a.: sudėtis — struktūra — valdžia. — Vilnius: Aidai, 2003. — 279, [1] p. Поўны змест кнігі даступны ТУТ.

ARCHE № 12 (133) — 2014. Бітва пад Оршай: месца памяці і канфлікт інтэрпрэтацый. 

Нумар уяўляе сабой публікацыю больш чым на 750 старонак з 68 старонкамі каляровага друку, якая прэзентуе самы грунтоўны на сёння набор навуковых ведаў на беларускай мове аб перадгісторыі Аршанскай бітвы, а таксама пра абставіны і хаду самой сечы, яе вынікі і значэнне для гісторыі Беларусі і Еўропы. У нумары – больш за два дзясяткі тэкстаў гісторыкаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы і Польшчы. Сярод аўтараў нумара – Генадзь Сагановіч, Кшыштаф Квяткоўскі, Гедымінас Лясмайціс, Уладзімір Канановіч, Конрад Бабятынскі, Стывэн Роўэл, Віктар Якубаў і інш. Поўны змест нумара даступны ТУТ.

Увага: да 9 чэрвеня камплект з 4 выданняў можна заказаць за 199 тыс. (самавываз) або 249 тыс. (дастаўка поштай ці кур’ерам), даслаўшы электронны ліст на адрас [email protected] або патэлефанаваўшы на нумар (29) 5507969.

Можна таксама заказаць тры з чатырох выданняў (на ваш выбар) па цане 175 тыс. (самавываз) або 225 тыс. (дастаўка поштай ці кур’ерам), або два з чатырох выданняў (на ваш выбар) па цане 149 тыс. (самавываз) або 199 тыс. (дастаўка поштай ці кур’ерам).

Акцыя працягнецца да 9-га чэрвеня. Заказваючы выданні электронным лістом, у полі «Тэма» пазначайце «Сакрэтная гісторыя».У лісце, апрача пераліку патрэбных выданняў, пазначце свае дакладныя каардынаты: паштовы адрас, індэкс, прозвішча ды ініцыялы, тэлефон для сувязі. Прапанова дзейнічае толькі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Спосабы дастаўкі заказу – кур’ерам (толькі Менск і ваколіцы), паштовая перасылка або самавываз (ад ст.м. Каменная горка). Заказваючы выданні ў рамках распродажу, у электронным лісце або па тэлефоне паведамляйце спосаб дастаўкі.