На ўпакоўках тытунёвых вырабаў забароняць размяшчаць інфармацыю пра ўтрыманне ў дыме нікатыну і смалы, застануцца толькі звесткі пра наяўнасць канцэрагенных рэчываў.

Пра гэта паведаміла загадчыца рэдакцыйна-выдавецкага аддзела Гарадскога цэнтра здароўя Аляксандра Лагун на прэс-канферэнцыі у Мінгарвыканкаме 25 мая.

— Такое абмежаванне дасць магчымасць не ўводзіць у зман курцоў, якія мяркуюць, што «лёгкія» цыгарэты з паніжаным утрыманнем нікатыну і смалы менш небяспечныя для здароўя, — адзначыла спецыяліст. — Новыя патрабаванні да ўпакоўкі і маркіроўкі тытунёвых вырабаў у Беларусі адпавядаюць патрабаванням міжнародных нормаў. Яны прапісаныя ў Тэхнічным рэгламенце Мытнага саюза на тытунёвыя вырабы, якія набыў моц 15 мая 2016 г.

Па словах Лагун, таксама згодна з гэтымі патрабаваннямі папярэджанні пра шкоду курэння (у выглядзе выявы і тэксту) на пярэднім і адваротным баках пачкаў зоймуць 50% плошчы паверхні. Цяпер яны займаюць 30% і ўяўляюць сабой толькі тэкст без малюнкаў.

— Акрамя таго, рашэннем Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі ад 17 сакавiка 2016 года № 18 зацверджаныя эскізы графічных папярэджанняў, — удакладніла Лагун. — На цыгарэтных пачках яны павінны з'явіцца не пазней, чым праз год пасля афіцыйнага апублікавання дакумента.

На думку доктара, такая мера стане дадатковым стымулам да адмовы ад курэння.

— Калі чалавек выкурвае пачак у дзень, то за год ён як мінімум 7 тысяч разоў паглядзіць на страшныя карцінкі, — падкрэсліла яна. — Сусветны досвед паказвае, што эфект ад выкарыстання падобных выяў маецца. Да прыкладу, у Сінгапуры такая практыка прывяла да таго, што 28% курцоў паменшылі колькасць спажываных цыгарэт. А 67% жыхароў Бразіліі, якія кураць, і зусім захацелі пазбавіцца ад шкоднай звычкі.

Спецыяліст дадала, што на ўпакоўках тытунёвых вырабаў, што рэалізуюцца ў нашай краіне, надпісы да графічных выявах зробяць на беларускай мове.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?