Адкрытая прэм'ера спектакля «Опіум» адбудзецца 29 і 30 мая ў арт-прасторы «Верх». Спектакль, што апавядае пра «героя нашага часу», які змагаецца з выклікамі сучаснасці, стаў першым паспяховым тэатральным праектам, які сабраў грошы на пастаноўку з дапамогай глядацкага фінансавання на краўдфандынгавай платформе «Вулей».

Нашумелы спектакль «Опіум» ужо паказвалі мінскай публіцы ў красавіку, але ўбачылі яго толькі «суаўтары» — гледачы, якія падтрымалі праект падчас кампаніі па зборы сродкаў. Цяпер купіць квіткі і паглядзець «самую сумленную» пастаноўку 2016 года змогуць усе ахвотныя. Таксама «Опіум» стаў адным з удзельнікаў BelarusOpen — беларускай праграмы Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва «Тэарт», які ў шосты раз пройдзе восенню ў Мінску.

Рэжысёр спектакля — Аляксандр Марчанка, кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі, а таксама выязной лабараторыі для маладых драматургаў на базе ЦБД, упершыню пазнаёміўся з п'есай Віталя Каралева падчас яе стварэння: тэкст напісаны на IV драматургічнай лабараторыі, якая праходзіла вясной 2015 года. П'еса напісаная ў жанры мак'юментары, або псеўдадакументалізму, якому ўласцівая імітацыя рэальных падзей. У сучасным Рагачове жыве звычайная беларуская сям'я, дзе маці хварэе, старэйшы сын толькі што страціў працу, малодшаму трэба паступаць ва ўніверсітэт, а грошай катастрафічна не хапае. Старэйшы сын прымае рашэнне ехаць ва Украіну, каб зарабіць грошай, рыючы траншэі ў полі ваенных дзеянняў.

П'еса зацікавіла Аляксандра Марчанку і кіраўніцу Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн» Анжаліку Крашэўскую. Аб'яднаўшы намаганні, каманда праекта змагла рэалізаваць пастаноўку, паклікаўшы на дапамогу патэнцыйных гледачоў.

Крытыкі і журналісты, якія прысутнічалі на закрытай прэм'еры, называюць «Опіум» адным з самых яркіх «антываенных выказванняў» у 2016 годзе.

У маі спектакль пакажуць двойчы: 29 мая ў 16:30 і 30 мая 20:00 у арт-прасторы «Верх» па адрасе вул. Куйбышава, 22 (6 корпус будынка завода «Гарызонт», 5 паверх)

Купіць квіткі можна на сайтах bycard.bу і teart.by, у касах горада, а таксама замовіць па тэлефонах + 375 17 395 30 20, + 375 (29) 622-64-44. Кошт квітка — 160 тыс. руб.

За навінамі праекта можна сачыць у сацыяльных сетках тут і тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0