Адным з першых адключылі крыніцу артэзіянскай вады на вуліцы Сердзіча ў Фрунзенскім раёне сталіцы, паведамляе kp.by.

minsknews.by

«У нашым раёне ваду ў вадаправод забіраюць з паверхневых вод, таму гадоў дзесяць таму і адкрылі гэту крыніцу, — распавядае мінчук Валерый Паўлавіч. — Яго ўключалі ў канцы красавіка і да лістапада. Вада там чыстая, смачная. Увесь раён прыходзіў да фантанчыка з бутэлькамі. Бо тую, што ідзе з крана, піць немагчыма! Сёлета крыніцу ўключылі ў красавіку, а 11 мая выключылі. Я тэлефанаваў у «Мінскводаканал». Там адказалі, што ў мэтах эканоміі электраэнергіі ўсе дэкаратыўныя крыніцы ў сталіцы адключылі. Калі іх зноў уключаць, невядома».

«Крыніца адключаны ў сувязі з адсутнасцю фінансавання гарадскімі ўладамі. Калі нам зноў стануць паступаць грошы, крыніца пачне працаваць», — патлумачылі ў «Мінскводаканале».

У Мінгарвыканкаме ўдакладнілі, што бювет адключылі не толькі ў парку 60-годдзя Кастрычніка на вул. Сердзіча, але і ва ўсім горадзе. На іх вырашылі эканоміць.

Пытанне аб тым, каб закрыць бюветы, падымалася і раней. У «Мінскводаканале» казалі, што яны не запатрабаваныя, мінчане актыўна карыстаюцца толькі трыма-чатырма. Але да гэтага года далей за размовы справа не ішла.

«Крыніц вады ў Мінску дастаткова, у кожнага ў хаце ёсць вада нарматыўнай якасці. Усе гандлёвыя сеткі таксама забяспечаныя вадой. А крыніц, у якіх вада льецца днём і ноччу, у горадзе не павінна быць, — пракаментаваў начальнік аддзела энергетыкі ўпраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама Дзмітрый Плашкоў. — Цяпер не тыя часы, каб так неашчадна расходаваць рэсурсы. Усе 12 дэкаратыўных крыніц у сталіцы адключаныя і больш працаваць не будуць».

Жыхары дамоў каля лесапаркавай зоны «Мядзвежына», дзе таксама перастаў працаваць пітны фантанчык, збіраюць подпісы і будуць падаваць у Мінгарвыканкам петыцыю за вяртанне бювета.

Між тым, бясплатныя фантанчыкі з пітной вадой існуюць па ўсёй Еўропе — ад Італіі да Фінляндыі. Напрыклад, у Рыме такіх фантанчыкаў каля дзвюх тысяч, шмат якім з іх сотні гадоў.

Акрамя таго, вада ў дамах мінчукоў далёкая ад ідэалу. Жыхары Фрунзенскага, Маскоўскага і часткі Кастрычніцкага раёнаў Мінска п'юць хлараваную ваду з Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Пры гэтым перавод сталіцы на падземнае водазабеспячэнне з артэзіянскіх крыніц адкладаецца на невядомы тэрмін, хоць праблему абяцалі вырашыць яшчэ ў 2013 годзе.

Нагадаем таксама, што па прагнозах цяперашняе лета абяцае быць вельмі гарачым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0