Міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна падчас сумеснага пасяджэння абедзвюх палат Нацыянальнага сходу 27 мая палічыла, што адно з пытанняў дэпутата Вольгі Палітыкі на адрас урада з'яўляецца абразлівым, пасля чаго дэпутат прынесла прабачэнні.

Палітыка, спасылаючыся на скаргі выбаршчыкаў, запытала ў першага намесніка міністра юстыцыі Валерыя Кулакоўскага, як у міністэрстве ставяцца да сітуацый, калі ў працэсе рэгістрацыі ўнітарных прадпрыемстваў некаторыя ўласнікі, карыстаючыся тым, што рэгістрацыя адбываецца паводле заяўнага прынцыпу, указваюць фіктыўныя адрасы, пасля чаго грамадзянам, якія пражываюць там, прыходзяць паведамленні аб выплаце падаткаў. Вырашыць такую сітуацыю, адзначыла дэпутат, можна толькі праз суд.

«Калі вы не лічыце гэта праблемай, тады апублікуйце свой адрас, каб хто хочаш мог выкарыстаць яго для гэтых мэтаў, і паглядзім, ці лёгка вам дасца паход па судах», — заявіла Палітыка, звяртаючыся да намесніка міністра.

Вольга Палітыка.

Вольга Палітыка.

На гэтую рэпліку Кулакоўскі адказваць не стаў, аднак слова ўзяла міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна. «Ёсць такое паняцце, як карэктнасць. Вольга Сяргееўна, пры ўсёй павазе, вы пакрыўдзілі ўвесь урад», — заявіла яна, звяртаючыся да дэпутата.

Пасля гэтых слоў дэпутат Палітыка прынесла свае прабачэнні Кулакоўскаму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?