Футбольная зборная Беларусі ў Белфасце гуляе таварыскі матч з Паўночнай Ірландыяй. Пасля першага тайма беларусы прайграюць з лікам 0-2.

Відавочным фаварытам гульні лічыліся гаспадары — ужо праз два тыдні іх чакае выступ на Еўра-2016, і футбалісты змагаюцца за права трапіць у выніковы склад на турнір.

А беларусы прыляцелі на матч без матывацыі, дый у складзе, далёкім ад аптымальнага. Калі б наша каманда перамагла, у букмекераў можна было б зарабіць з каэфіцыентам 5:1. На паўночных ірландцаў прымалі стаўкі пад 1,8:1.

Першы тайм застаўся за гаспадарамі. Трыбуны падганялі іх наперад, і гэта дала плён ужо на 6-й хвіліне.

Знайсці аднаго вінатавага ў прапушчаным голе складана. Ігар Шытаў у чарговы раз згубіў пазіцыю на правым флангу абароны, Мікіта Корзун марна паспрабаваў пазмагацца за мяч, а Ягор Філіпенка двойчы не паспеў за супернікамі. Як вынік — 0-1 пасля трапнага стрэлу Кайла Лаферці.

Зрэшты, атакуючая гульня не ішла ні ў адной з каманд. Высачэзныя цэнтральныя абаронцы беларусаў Філіпенка і Аляксандр Мартыновіч лёгка выйгравалі паветраныя дуэлі ў паўночных ірландцаў.

Беларусы спрабавалі ў кароткі пас, але футбалістам бракавала тэхнікі для абвастраючага паса. Дый патэнцыйны плеймейкер, Сяргей Крывец, быў бляклым ценем самога сябе. Даводзілася гуляць флангамі і спадзявацца на тое, што Мікалай Януш зможа праціснуць мяч мяч у вароты. У выніку за ўвесь першы тайм на рахунак беларусаў можна залічыць хіба што толькі адзін недакладны ўдар Януша.

За хвіліну да сканчэння першага тайма крытычную памылку дапусціў варатар Андрэй Гарбунаў. Пасля чарговага навеса ён паспрабаваў злавіць мяч, але той выслізнуў у яго з рук, ды проста на галаву Конара Вашынгтана.

Ці ўдасца беларусам у другім тайме перахапіць ініцыятыву?

* * *

Другі тайм аказаўся для беларусаў такім жа бесперспектыўным у плане атакуючых дзеянняў. Самым запамінальным эпізодам аказалася штурханіна ў цэнтры поля, калі Сяргей Кісляк нешта не падзяліў з супернікам.

Самы небяспечны момант адбыўся, калі Аляксандр Глеб, які выйшаў на замену, нечакана адабраў мяч у суперніка, абыграў яшчэ аднаго і выскачыў сам-насам з галкіперам суперніка. На жаль, той паспеў кінуцца ў ногі беларусу і перашкодзіць прабіць па варотах.

А суддзя ў эдным з эпізодаў пашкадаваў беларусаў. Мартыновіч згуляў рукой у сваёй штрафной, і былі ўсе падставы прызначыць пенальці.

Свой трэці гол Гарбуноў усё ж прапусціў. За некалькі хвілін да канца Уіл Грыг закалаціў мяч у апусцелыя вароты.

Паказальнай можна лічыць замену, якая адбылася на 72-й хвіліне гульні. Адзінага паўнавартаснага беларускага нападаючага Мікалая Януша замяніў абаронца Дзяніс Палякоў. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?