Рада кангрэсу фарміруецца з ліку прадстаўнікоў дэмакратычных партый і арганізацый (па адным чалавеку) і прадстаўнікоў рэгіянальных кааліцый дэмакратычных структур (па тры чалавекі ад кожнай вобласці і Мінска).

На дадзены момант у склад рады ўваходзяць 15 чалавек: ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч, аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч, незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч, кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі, зарэгістраванага ў Чэхіі аб'яднання «Малады фронт» Зміцер Дашкевіч, руху салідарнасці «Разам» Алесь Макаеў, аргкамітэта партыі «Беларускі рух» Вацлаў Арэшка, руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць» Уладзімір Някляеў, а таксама сем прадстаўнікоў рэгіянальных дэмакратычных кааліцый.

Статкевіч паведаміў, што склад савета будзе пашырацца. «Будуць працягвацца перамовы з рознымі апазіцыйнымі структурамі. Але тут паўстае пытанне, каго мы можам запрашаць да працы ў савеце, бо ёсць арганізацыі, якія выступаюць за еўразійскі вектар развіцця, што супярэчыць платформе кангрэса», — сказаў ён.

У выніку вырашана, што ў склад савета кангрэса могуць увайсці арганізацыі, якія падпісалі мемарандум «Аб мерах па забеспячэнні незалежнасці Беларусі» (прыняты падчас нарады беларускіх грамадскіх і палітычных арганізацый са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай 3 лістапада 2012 года ў Вільні) або Дэкларацыю у падтрымку незалежнасці Рэспублікі Беларусь (падпісаная напярэдадні ўстаноўчага сходу Беларускага нацыянальнага кангрэса, які адбыўся ў Мінску 15 мая).

Рэгламент дзейнасці савета прадугледжвае роўнасць усіх яго суб'ектаў. Рашэнні савета кангрэса будуць прымацца дзвюма трацінамі галасоў, пасяджэнні будуць праходзіць раз у месяц.

***

Правядзенне кангрэсу дэмсіл з мэтай кансалідацыі апазіцыі ініцыіравала ў снежні мінулага года група грамадскіх дзеячаў Беларусі, а неўзабаве вядомыя палітыкі Мікола Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Станіслаў Шушкевіч абвясцілі пра стварэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы дэмакратычнага форуму. У склад аргкамітэта таксама ўвайшлі Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч і Міхаіл Пастухоў.

Устаноўчы сход Беларускага нацыянальнага кангрэса прайшоў ў скверы імя Янкі Купалы ў Мінску 15 мая. Рашэнне правесці кангрэс на адкрытым паветры было прынятае пасля таго, як аргкамітэт не змог арандаваць неабходнае памяшканне. Паводле слоў арганізатараў, і дзяржаўныя, і прыватныя арганізацыі адмовілі ім у арэндзе, баючыся негатыўнай рэакцыі з боку ўлад, а Мінгарвыканкам адмовіўся садзейнічаць пошуку памяшкання.

Удзельнікі кангрэсу прынялі некалькі рэзалюцый — «Беларусь: стан дзяржавы і нацыі», «Беларускі нацыянальны кангрэс: платформа перамен», «Аб пазіцыі кангрэсу адносна выбарчай кампаніі 2016 года», «Аб адзінстве дэмакратычных сіл».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?