Першая сацыяльная дача для пажылых адзінокіх інвалідаў адкрываецца ў чэрвені пад Мінскам, паведамілі ў цэнтры сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і інвалідаў «РОСТОК».

Менавіта гэты цэнтр, размешчаны ў вёсцы Астрашыцкі Гарадок — ў маляўнічым кутку ля возера «Вяча», будзе аказваць новую сацыяльную паслугу. Інавацыйная паслуга разлічана на людзей сталага ўзросту — адзінокіх інвалідаў са сталіцы. Яны могуць выбраць для сябе як тур выхаднога дня, так і правесці змену (ад адной да трох тыдняў).

Для дачнікаў прадугледжаная і адукацыйная дзейнасць: удзел у працоўным дэсанце (работы на агародзе, догляд птушак), а таксама правядзенне майстар-класаў па рукадзеллі для пастаяльцаў цэнтра «РОСТОК». «Пакуль для пражывання за невялікую плату мы выдзяляем пакоі на 1-2 чалавекі. У далейшым для праекта плануецца пабудаваць 5-6 домікаў», — удакладнілі ў цэнтры. Назіранне за пажылымі інвалідамі забяспечыць медыцынскі персанал цэнтра.

Цэнтр «РОСТОК» быў адкрыты як аддзяленне ГУ «Псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў №1» у ліпені 2015 года з мэтай павышэння якасці жыцця дзяцей-інвалідаў і інвалідаў сучаснымі метадамі сацыяльнай, медыцынскай, фізічнай рэабілітацыі і псіхолага-педагагічнай карэкцыі, накіраванай на інтэграцыю інвалідаў у грамадства. Ажыццяўляе рэабілітацыю дзяцей-інвалідаў 6-18 гадоў і маладых інвалідаў ва ўзросце да 31 года. Адначасова рэабілітацыю ў цэнтры могуць праходзіць 120 чалавек. Назва цэнтра «РОСТОК» — гэта абрэвіятура, якая расшыфроўваецца як рэабілітацыя, аздараўленне, спорт, творчасць, адпачынак і якасць жыцця (рас. «реабилитация, оздоровление, спорт, творчество, отдых и качество жизни»).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?