З 2 чэрвеня паміж Мінскам і Маладзечна перастануць хадзіць «штадлеры». Швейцарскія электрычкі перакінуць на больш запатрабаваныя кірункі, тлумачаць у БЧ.

З заўтрашняга дня адменяць цягнікі рэгіянальных ліній бізнэс-класа № 772 Маладзечна — Мінск адпраўленнем са станцыі Маладзечна ў 6.37 (штодня), № 774 Маладзечна — Мінск адпраўленнем са станцыі Маладзечна ў 20.27 (па нядзелях), № 773 Мінск — Маладзечна адпраўленнем са станцыi Мiнск у 18.58 (штодня).

У лістападзе мінулага года швейцарскія электрычкі з гэтай лініі ўжо здымалі, замяняючы іх простымі электрацягнікамі. Тады, кажуць у БЧ, прычынай быў планавы рамонт. Цяпер «штадлеры» з Мінска на Маладзечна і назад сыходзяць з раскладу назусім.

— Маніторынг паказаў, што сярэдняя запоўненасць гэтага цягніка складала ад 27 да 30%. Таму прынялі рашэнне перанакіраваць дадзены састаў на больш запатрабаваныя кірункі, — патлумачыў намеснік начальніка пасажырскай службы БЧ Сяргей Мацкевіч.

«Штадлеры» перанакіруюць на лінію ў Баранавічы, Брэст.

— Дададуць на выхадныя дні — на пятніцу, суботу, нядзелю. Там вельмі вялікі попыт. На многіх кірунках «штадлеры» запатрабаваныя больш: на Брэст, Бабруйск, Жлобін, Оршу, Баранавічы… З Маладзечнам неяк не склалася, — кажа Сяргей Мацкевіч. — Гэты цягнік быў запатрабаваны хіба што па панядзелках. Наогул у кірунку Маладзечна ў нас курсіруюць 13 пар цягнікоў міжнародных і міжрэгіянальных ліній і 19 пар цягнікоў рэгіянальных ліній эканамкласа. Гэта значыць, цалкам дастаткова для перавозкі пасажыраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?