У Сімфэропальскім СІЗА ад 25 чэрвеня 2007 году ўтрымліваецца беларускі каталіцкі актывіст і музыка Ігар Коктыш. Ён чакае экстрадыцыі ў Беларусь, дзе мае адбыцца суд за наўмыснае забойства.

Ігар Коктыш вядомы ў Баранавічах, як стваральнік Гуманітарнай асацыяцыі імя сьв. Яна Боска (жнівень 2000 году). У прыватнасьці, каталіцкая суполка пад яго кіраўніцтвам змагалася супраць нарказалежнасьці і моладзевых самагубстваў. Ігар таксама быў лідэрам рок‑гурту «Млечны Шлях».

Аднак у студзені 2001 году на Коктыша завялі крымінальную справу, абвінаваціўшы яго ў забойстве сваяка блізкага сябра. У чаканьні суда лідэр «Млечнага шляху» дзесяць месяцаў правёў у баранавіцкім СІЗА.

Там, як ён сьцьвярджае, яго катавалі, пакідаючы голага ў халоднай камэры, не даючы лекаў супраць астмы, зьбівалі. 7 сьнежня 2001 году Берасьцейскі раённы суд прызнаў яго невінаватым. На судзе дзесяць чалавек засьведчылі, што на момант забойства, у якім вінавацілі Коктыша, ён знаходзіўся ў іншым горадзе. 1 лютага 2002 году Вярхоўны суд пакінуў гэтае рашэньне ў сіле.

Аднак у красавіку таго ж году генпракурор апратэставаў гэты вэрдыкт, і справу вярнулі на перагляд у той жа Берасьцейскі раённы суд. Дарэчы, на сайце МУС Берасьцейскага аблвыканкама ў разьдзеле «вышук» Ігар Коктыш значыцца, як злачынца, хоць суд над ім яшчэ не адбыўся.

І. Коктыш на той момант зьехаў ва Ўкраіну лячыць астму. Там ён ажаніўся і разам з жонкай стварыў новы музычны гурт, які мае посьпех на ўкраінскай сцэне. У Беларусь вырашыў не вяртацца, памятаючы пра месяцы, праведзеныя ў Баранавіцкім СІЗА.

25 чэрвеня 2007 году супрацоўнікі ўкраінскай міліцыі арыштавалі Коктыша. Ён да сёньня чакае экстрадыцыі ў Беларусь. 11 траўня музыка адзначыў за кратамі 28‑ы дзень народзінаў.

Справа беларускага музыкі мела міжнародны розгалас. У кастрычніку мінулага году Эўрапейскі суд па правах чалавека забараніў Украіне перадаваць арыштаванага беларускаму боку, а «Міжнародная амністыя» адначасова правяла акцыю тэрміновай дапамогі, зьвярнуўшыся да ўкраінскіх уладаў з патрабаваньнем не дазволіць экстрадыцыю. Украінская хрысьціянская інтэрнэт‑супольнасьць стварыла адмысловы сайт у падтрымку Ігара Коктыша.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0